Журналісты знайшлі след ФСБ у рэзанансным забойстве чачэнскага камандзіра ў Берліне


ФСБ Расеі арганізавала забойства былога чачэнскага палявога камандзіра Зелімхана Хангашвілі ў жніўні 2019 года. Да гэтай высновы прыйшлі ў сваім расследаванні Bellingcat, The Insider і Der Spiegel.

Журналісты сцвярджаюць, што Вадзім Красікаў, які пад выдуманым імем Вадзіма Сакалова застрэліў у Берліне Хангашвілі, трэнаваўся на базах спецназа ФСБ і быў пастаянна на сувязі з чальцамі фонду ветэранаў спецназа ФСБ «Вымпел».

З сакавіку па жнівень 2019 года (калі адбылося забойства) Красікаў неаднаразова тэлефанаваў чальцам фонду «Вымпел», у тым ліку кіраўніку фонду Эдуарду Бендерскаму. Лічыцца, што Бендерскі – асоба блізкая да кіраўніка Цэнтру спецыяльнага прызначэння ФСБ Аляксандра Ціханава.

Красікаў у лютым-жніўні восем разоў наведваў базу Цэнтра спецыяльнага прызначэння ФСБ (в/ч 35690).

«У апошні раз ён трэнаваўся на тэрыторыі гэтай частцы 8 жніўня – усяго за некалькі дзён да таго, як адправіўся ў Еўропу для здзяйснення забойства», – адзначаецца ў расследаванні журналістаў.

Таксама Красікаў двойчы наведваў будынак, дзе размешчаны антытэрарыстычны цэнтр ФСБ.

Bellingcat, The Insider і Der Spiegel лічаць, што забойства Хангашвілі было арганізавана ФСБ.

«Усе паказвае, што гэта было цэнтралізавана спланаванае забойства з санкцыі як мінімум верхавіны ФСБ, а хутчэй за ўсё – і з санкцыі Крамля», – адзначыў у інтэрвʼю «Радио Свобода» аналітык Bellingcat Хрыста Грозеў.

  • Забойства былога чачэнскага палявога камандзіра Зелімхана Хангашвілі летась выклікала дыпламатычны скандал. Нямецкія ўлады вінавацяць Расею ў тым, што расейскі бок не дапамагае ў расследаванні гэтага злачынства, праз што Берлін у снежні выслаў з краіны двух расейскіх дыпламатаў. У адказ Масква абвясціла двух нямецкіх дыпламатаў персонамі нон грата.

ІІ belsat.eu

 

Стужка навінаў