Журналісты «Белсату» перамаглі ў прафесійным конкурсе «За адданасць прафесіі»


Незалежныя журналісты з Берасця Мілана Харытонава і Алесь Ляўчук атрымалі галоўную ўзнагароду за серыю матэрыялаў аб пратэсце супраць акумулятарнага заводу.

Журналісцкі конкурс, які ладзіць Гомельская філія «Беларускай асацыяцыі журналістаў», адбыўся ўжо ў дзясяты раз. Ён праводзіцца з 2009 года і прысвечаны памяці журналіста і выдаўцы Уладзіміра Вербавікова.

Фота: Алег Супрунюк

Па выніках конкурсу нашыя журналісты набралі большасць галасоў журы за серыю матэрыялаў аб пратэсце берасцейцаў супраць акумулятарнага заводу.

Нагадаем, што пратэст супраць будаўніцтва непадалёк ад Берасця акумулятарнага заводу пачаўся зімой 2018 году, а з канца лютага мінулага году пратэстоўцы выходзяць на галоўную плошчу гораду карміць галубоў. За гэты час быў пераслед актывістаў, крымінальныя і адміністрацыйныя справы, але берасцейцаў гэта не спыніла. У выніку завод, які быў павінен пачаць працу ў жніўні 2018 года, афіцыйна так і не пачаў сваю працу, а змаганне берасцейцаў працягваецца.

Журналісты Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава за працай.
Фота: Belsat.eu

Праўдзівае асвятленне пратэсту на «Белсаце» прыйшлося не даспадобы берасцейскім уладам, і яны пачалі ціснуць на журналістаў Алеся Ляўчука і Мілану Харытонаву: за апошні год журналістаў рэгулярна затрымлівалі, судзілі, штрафавалі.

Hавiны
Удзельнік берасцейскага пратэсту: Будзем карміць птушак, пакуль на заводзе АКБ не павесяць замок
2019.09.08 16:00

– Увесь мінулы год нам з Міланай прыйшлося жыць і працаваць пад сапраўдным прэсам. Міліцыя хапала нас на вуліцы, дзяжурыла ў нашым пад’едзе і пад школай, дзе вучацца наша дачка. Да нас ламіліся ў кватэру, бясконца складалі пратаколы – пад такім ціскам цяжка працаваць і жыць. Але мы працягваем якасна рабіць нашу любімую працу, не гледзячы на абставіны. Цешымся такім прызнаннем, – сказаў Алесь Ляўчук «Белсату».

Hавiны
Чаму ў Берасці працягваюць пратэставаць супраць акумулятарнага заводу?
2019.08.02 09:00

У мінулым годзе пераможцам конкурсу стаў Дзяніс Івашын, за матэрыялы пра будаўніцтва і адкрыццё рэстарацыі «Поедим поедим» побач з Курапатамі. Раней пераможцамі «За адданасць прафесіі» станавіліся і іншыя белсатаўцы: Аляксандр Баразенка, Яўген Меркіс, Кастусь Жукоўскі і Наталля Крывашэй, Ларыса Шчыракова, Таццяна Бублікава і Алег Ражкоў.

ХВ Belsat.eu

Стужка навінаў