Журналістку Вольгу Быкоўскую будуць судзіць за акцыю 7 снежня

Вольга Быкоўская на ганку Ленінскага РАУСу Менску 15 снежня 2019 года. Фота з «Фэйсбуку» журналісткі

Вольга Быкоўская паведаміла, што наведала Ленінскі РАУС Менску, дзе на яе склалі пратакол за парушэнне правядзення масавых мерапрыемстваў паводле часткі 1 арт. 23.34 КоАП.

Санкцыя артыкулу прадугледжвае штраф да 30 базавых велічыняў (на сёння гэта Br 765, але ўжо з першага студзеня стане Br 810) або адміністратыўны арышт.

Міліцыянты паказалі журналістцы фота яе буйным планам.

«Я прызнала, што знаходзілася ў вызначаны час каля Галоўпаштампту для падтрымання незалежнасці Беларусі. Але віны сваёй не пабачыла, бо была там у адпаведнасці з правамі, дадзенымі мне Канстытуцыяй. Упэўненая, што цяпер важна выступаць у падтрыманне суверэнітэту. Улады не толькі не могуць даць сваім грамадзянам гарантыі яго абароны, але і выкарыстоўваюць карны апарат супраць тых для каго незалежная Беларусь – безумоўная каштоўнасць», – напісала журналістка.

На гэтым тыдні ў міліцыю пачалі масава выклікаць людзей для складання пратаколаў правапарушэнняў за ўдзел у мірных акцыях і шэсцях 7 і 8 снежня ў Менску супраць падпісання інтэграцыйных дакументаў з Расеяй.

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», позвы атрымалі ўжо каля 20 чалавек.

  • 7 і 8 снежня ў Менску прайшлі акцыі пратэсту супраць «паглыбленай інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Са зваротам далучыцца да акцыі выступіў палітык Павел Севярынец. Нягледзячы на несанкцыянаваны характар, акцыі прайшлі без сутычак і супрацьстаяння з боку супрацоўнікаў МУС.

ДД belsat.eu

Hавiны