Журналістку-фрылансерку з Магілёва Аліну Скрабунову вінавацяць у стварэнні і распаўсюдзе прадукцыі СМІ без акрэдытацыі.
Гаворка вядзецца пра адразу тры матэрыялы для нашага тэлеканалу, якія следства аб’яднала ў адную адміністратыўную справу: пра беларускамоўную кавярню, магілёўскіх раварыстаў і мясцовае свята дранікаў.
«Гэтым разам мяне абвінавачваюць яшчэ і ў распаўсюдзе матэрыялаў СМІ, што зусім дзіўна і сведчыць толькі аб адным, што міліцыя не разумее працэсаў стварэння матэрыялаў, не разумее таго, як працуе рэдакцыя і самога законадаўства – таксама не разумее», – кажа журналістка.
Пра самое паседжанне журналістку паінфармавалі праз смс-паведамленне 4 лістапада ўвечары, калі яна акурат паехала ўва Украіну на выходныя. У выніку паседжанне перанеслі на 14 лістапада.
У верасні фрылансерку аштрафавалі на 460 рублёў за працу без акрэдытацыі.