Журналістаў з Ганцавічаў, брутальна затрыманых міліцыяй, будуць судзіць за непадпарадкаванне


«Дадзеныя дзеянні супрацоўнікаў РАУС незаконныя», – піша ў сваёй заяве галоўны рэдактар «Першага рэгіёну».

Як удалося даведацца галоўнаму рэдактару «Першага рэгіёна» Пятру Гузаеўскаму, журналістаў «Ганцавіцкага часу» і «Першага рэгіёну» Сяргея Багрова і Аляксандра Пазняка, затрымалі паводле артыкулу 23.4 (непадпарадкаванне службовай асобе). Ім пагражае штраф або «содні». Усю ноч яны правялі ў РАУС, суд будзе толькі ў панядзелак.

Пётр Гузаеўскі распавёў, што яму ледзь удалося даведацца, за што затрыманыя журналісты.

«Дадзеныя дзеянні супрацоўнікаў РАУС незаконныя. Так як штатныя журналісты тлумачылі супрацоўнікам, што выконваюць у межах заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі свае працоўныя абавязкі», – піша ён у сваёй заяве.

Гузаеўскі мяркуе, што артыкул робіцца па чыёсьці падказцы зверху. Ён адзначае, што ўвесь станоўчы імідж міліцыі ў Ганцавічах быў зруйнаваны літаральна за пару хвілінаў. Імаверна Сяргея Багрова збівалі ў РАУС – былі чутны крыкі.

«Усяго гэтая акцыя была накіраваная на тое, каб у маленькім горадзе застрашыць людзей, каб усім было непавадна. Але вось такога, каб тварам у асфальт, ды яшчэ журналістаў, раней не было», – кажа Пётр.

Ён плануе завесці крымінальную справу па арт. 198 за перашкоды прафесійнай дзейнасці журналістаў.

«Запалохваючы людзей вы дасягаеце толькі адваротнага эфекту. Для збіцця людзей учора аніякага поваду дакладна не было», – зазначыў Пётр

Учора 20 чэрвеня ў Ганцавічах людзі выйшлі на дэманстрацыю ў падтрыманне сумленных выбараў у Беларусі. Мясцовыя журналісты ладзілі стрым, падчас якога і былі брутальна затрыманыя.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў