Журналістаў «Белсату» зноў затрымлівалі – гэтым разам у Салігорску


Журналісты «Белсату» Аляксандр Баразенка і Галіна Абакунчык былі затрыманыя пасля сустрэчы з Віктарам Бабарыкам у Салігорску. Прыкладна праз тры гадзіны іх адпусцілі з пастарунку.

Перад затрыманнем журналісты паспелі паведаміць, што на выездзе з гораду іх пераследваў мікрааўтобус на транзітных нумарах. Пасля іхную машыну спыніла ДАІ, пасля чаго пад’ехала трэцяя машына.

Вядома, што журналістаў затрымліваў начальнік аддзелу аховы правапарадку і прафілактыкі Салігорскага РАУС падпалкоўнік Алег Шалоха. Імаверна, іх вінавацяць паводле арт. 22.9 КоАП (парушэнне закону аб СМІ – за працу без акрэдытацыі).

Дзяжурны ў РАУС а 19-й гадзіне пацвердзіў belsat.eu, што Баразенка і Абакунчык знаходзяцца там. Паводле яго, цяпер з імі «размаўляюць, разбіраюцца». Канкрэтную прычыну затрымання дзяжурны не называў.

Прыкладна а 22-й гадзіне Аляксандра Баразенку выпусцілі. А 23-й гадзіне дзяжурны міліцыянт паведаміў, што Галіна Абакунчык таксама была адпушчаная на свабоду.

***

Цягам апошніх месяцаў нашых журналістаў неаднаразова затрымлівалі ў розных гарадах Беларусі. Гэта адбывалася пасля стрымаў з пікетаў па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў на выбарах.

КА belsat.eu

Стужка навінаў