Журналіста Чудзянцова падазраюць у кантрабандзе марыхуаны. Яго арыштавалі


Уладзіміра Чудзянцова арыштавалі на два месяцы. Пра гэта Belsat.eu паведаміў ягоны адвакат Аляксандр Галіеў.

Цяпер журналіст знаходзіцца ў статусе падазраванага ў справе аб спробе кантрабанды марыхуаны праз мяжу.

Hавiны
«Гэта помста за фільм». NEXTA заклікаў да кампаніі салідарнасці з Чудзянцовым
2019.11.23 11:34

«На дадзены момант вядома, што 22 лістапада адносна Уладзімера была абраная мера спынення ў выглядзе заключэння пад варту. То бок, ён арыштаваны ў статусе падазраванага на два месяцы, – сказаў адвакат. – Калі цягам 10 дзён яму выставяць абвінавачанне, то яго арышт будзе працягвацца два месяцы. Калі цягам наступнага тыдню не будзе выстаўленае абвінавачанне, то яго вызваляюць».

Таксама адвакат дадаў, што па выніках экспертызы слядоў забароненых рэчываў у арганізме Уладзіміра Чудзянцова не знайшлі.

Чудзянцоў застаецца ў ізалятары часовага ўтрымання Берасця. Сваёй віны ён не прызнае і сцвярджае, што справа супраць яго – сфабрыкаваная. Ён кажа, што пакет з рэчывам, знойдзены ў ягоным багажы, падкінулі сілавікі. Праваахоўнікі справы не каментуюць.

Блогер NEXTA выклаў на YouTube ролік, прысвечаны справе журналіста Уладзіміра Чудзянцова. NEXTA сцвярджае, што пераслед Чудзянцова – гэта помста за тое, што ён дапамагаў блогеру ў стварэнні стужкі «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы».

Журналіста Уладзіміра Чудзянцова 21 лістапада знялі з цягніку на беларуска-польскай мяжы. Памежнікі нібыта знайшлі ў яго пакет з нейкім рэчывам. Пасля гэтага адбыўся ператрус у кватэры журналіста, дзе, паводле ягонай маці, знайшлі два пакеты, якія былі прылепленыя скотчам да стала і ложку.

  • Уладзімір Чудзянцоў у апошнія гады працаваў фрылансерам, вёў уласны сайт by24.org Раней ён быў карэспандэнтам TUT.by, аднак у 2012 годзе быў звольнены са скандалам. У красавіку 2016 году ў Чудзянцова правялі вобшук, канфіскавалі ўсю тэхніку і ўзялі падпіску аб неразгалошванні. У чым канкрэтна вінавацілі тады Чудзянцова і як развівалася справа – няясна. Падчас суду над Тарасам Аватаравым у тым жа красавіку 2016-га Чудзянцоў даваў паказанні ў ролі сведкі, казаў, што перадаваў Аватараву 100 долараў «на дапамогу добраахвотнікам».

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў