Журналіста будуць судзіць за інтэрв'ю па тэлефоне


Зміцер Лупач пасля допыту ў Глыбоцкім РАУС.
Фота: Belsat.eu

Чарговы пратакол склалі міліцыянты на журналіста з Глыбокага Змітра Лупача. Мясцовыя міліцыянты накіравалі справу ў суд за сюжэт, які выйшаў на «Белсаце». Журналіста вінавацяць у незаконным вырабе прадукцыі СМІ.

Зміцер Лупач адмовіўся даваць тлумачэнні міліцыянтам, якія вінавацяць яго ў парушэнні заканадаўства аб СМІ. Журналіст кажа, што не лічыць сябе вінаватым і не прызнае сваёй віны.

«Міліцыянты распачалі правяранне ў справе матэрыялу, які быў у «Субʼектыве»10 красавіка. У сюжэце я распавядаў пра наш Фізкультурна-аздараўляльны цэнтр. Дапыталі сведкаў, тых асобаў, у якіх я браў інтэрвʼю; З санкцыі пракурора раздрукавалі мае тэлефонныя размовы, бо я званіў начальніцы спартовага аддзелу нашага райвыканкаму. Яе таксама апыталі ў якасці сведкі. На падставе гэтага распачалі працу і перададуць у суд», – распавёў «Белсату» журналіст Зміцер Лупач.

Пратакол на журналіста складаў маёр міліцыі Глыбоцкага РАУС Сяргей Цырбан. Міліцыянт адзначыў у пратаколе, што Зміцер Лупач «па тэлефоне ўзяў інтэрвʼю, якое потым адпаведным чынам апрацаваў і перадаў у студыю «Белсат». Потым гэты матэрыял зʼявіўся ў сеціве. На думку міліцыянта, журналіст з Глыбокага парушыў частку 2 артыкулу 22.9 КаАП (незаконны выраб і (або) распаўсюджванне прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі). Пакаранне за гэтае правапарушэнне прадугледжвае штраф у памеры ад 20 да 50 базавых велічыняў (ад 540 да 1350 рублёў).

Раней журналіста з Глыбокага Змітра Лупача неаднаразова судзілі паводле гэтага артыкулу. Напрыканцы лютага суддзя Шаркаўшчынскага суду прызнала журналіста вінаватым і аштрафавала на 40 базавых велічыняў (1080 рублёў).

Hавiны
У Шаркаўшчынскім судзе глядзелі «Суб’ектыў» і пакаралі журналіста за матэрыял у праграме
2020.02.24 10:46

belsat.eu

Стужка навінаў