Журналіста «Белсату» выклікалі ў суд праз «Viber». Паведамленне даслала нейкая Алёна


Пра тое, што разгляд адміністрацыйнай справы па артыкуле 22.9 КаАП РБ (парушэнне закону аб СМІ) адбудзецца 4 траўня ў судзе Маскоўскага раёну Берасця, журналіст-фрыдансер Алесь Ляўчук даведаўся з паведамлення, якое даслала праз «Viber» невядомая яму Алёна.

«Апошнія некалькі месяцаў супраць мяне не складалі ніякіх пратаколаў, але мы жывем у Беларусі… Але ў суд у любым выпадку не пайду, у гэтым сезоне ў гэтую гульню я не гуляю», – кажа Алесь Ляўчук.

Нагадаем, летась «Белсат» паведаміў, што вуліцу Шаўчэнкі ў Берасці адрамантавалі толькі напалову, а ў справаздачы напісалі, што ўсю. Нашая здымачная група адправілася туды і зняла рэпартаж. За гэта міліцыянт Раман Трафімук склаў на Алеся Ляўчука пратакол (арт. 22.9 КаАП).

З першага разу міліцыянт не змог правільна аформіць пратакол, а на тое, каб перарабіць, не было часу. Тады Трафімук склаў новы пратакол, але без удзелу і подпісу Ляўчука. Нягледзячы на гэта суддзя Маскоўскага раёну Берасця Раман Карабан прысудзіў журналісту штраф – 25 базавых велічыняў (Br 612,5). Гэтае рашэнне было адменена Берасцейскім абласным судом 12 красавіка. І вось, магчыма новы паварот у гэтай гісторыі…

UPD 27 красавіка 2018 г.

Пасля публікацыі гэтай навіны журналіст атрымаў позву ў папяровай версіі.

ЦЛ, belsat.eu

Стужка навінаў