Журналіст выставіў на аўкцыён пазалочаны сувенір ад Лукашэнкі


Расейскі журналіст Сяргей Пархоменка выставіў на продаж гадзіннік, які атрымаў у якасці падарунку ад кіраўніка Беларусі ў 1997 годзе.

«Гэта не асабісты падарунак мне ад Лукашэнкі, а шчыра кажучы – стандартны “прэзідэнцкі сувенір”. Восенню 1997 году вялікая дэлегацыя расейскіх галоўных рэдактараў розных выданняў прыляцела ў Менск, каб сустрэцца з Лукашэнкам. Наколькі памятаю, арганізатарам гэтай сустрэчы было тагачаснае кіраўніцтва агенцтва ТАСС. Пасля імпрэзы ўсім удзельнікам, як гэта часта бывае, уручылі пакуначкі з сувенірамі. Там былі нейкія фотаальбомы з краявідамі Беларусі, паштоўкі, інфармацыйныя буклеты. А таксама скрыначка з гадзінамі: маркі «Луч», пазалочаны гадзіннік», – распавёў Belsat.eu Сяргей Пархоменка.

Па стане на 6 студзеня за гадзіннік даюць 55 000 расейскіх рублёў. Аўкцыён працягнецца да 7 студзеня.

Сяргей Пархоменка збіраецца перадаць грошы, заробленыя на продажы гадзінніка, у фонд дапамогі «Диссернет».

«Диссернет» – група змагароў з махінацыямі і падлогам у галіне навуковай і адукацыйнай дзейнасці, у прыватнасці ў працэсе абароны дысертацыяў і прысваення навуковых ступеняў у Расеі.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў