Жонка затрыманага блогера Лосіка: «Казалі, што калі не адчынім дзверы, іх узарвуць»


Жонка блогера Ігара Лосіка распавяла belsat.eu, як адбывалася яго затрыманне.

Дар’я паведаміла, што падчас вобшуку сілавікі вынялі стацыянарны кампʼютар, ноўтбук і тэлефон. Да гэтага яны жорстка патрабавалі адчыніць дзверы.

«Казалі, што калі не адчынім дзверы, іх узарвуць», – кажа Дарʼя.

Само затрыманне праходзіла наступным чынам:

«Яго ўвялі нібыта падпісаць нейкую тлумачальную, сказалі, што гэта максімум на 72 гадзіны. Насамрэч я не ведаю, наколькі яго забралі і куды павезлі. Усе супрацоўнікі былі без формы, у балаклавах, пасведчанні паказвалі, закрываючы фотакартку пальцам. То бок, хто гэта такія – я наагул не ў курсе!» – тлумачыць яна.

Паводле Дарʼі, ніхто не патлумачыў, на якой падставе праводзіцца ператрус. Паказалі толькі пастанову ад Генпракуратуры на гэтую працэдуру.

Пакуль сілавікі абшуквалі кватэру, Дарʼя з дачкой, якой усяго паўтары гады, стаяла на лесвіцы ў падʼездзе. У кватэру яе не пускалі. Там знаходзіўся Ігар, ейны бацька, трое панятых-суседзяў і сілавікі.

«Потым Ігара вывелі, пасадзілі ў шэры мікрааўтобус «Мерсэдэс» з нумарамі чацвертага рэгіёну. Мяне да яго не пусцілі. Я дагэтуль не ведаю, куды яго павезлі», – дадае Дарʼя.

КА belsat.eu

Стужка навінаў