Жанчыны наступаюць: як жывуць зваршчыца, дальнабойніца і кіроўца бетонамяшалкі




Кожны з нас хоць раз чуў такі панятак як «нежаночыя прафесіі». А ці задумваліся вы, што вырашаюць гэта не самі жанчыны. Ці можа нехта абмяжоўваць жанчыну ў 21 стагоддзі ў выбары прафесіі?

У 2013 годзе ў спісе забароненых для жанчын прафесіяў было 245 пунктаў. Сёння ж беларускія жанчыны маюць забарону на 181 прафесію. Напрыклад, ім забаронена тушыць пажары і ліквідаваць аварыі, яны не могуць быць вадалазамі ды цеслярамі. У Беларусі вы не сустрэнеце жанчыну, якая кіруе цягніком.

А як у іншых?

У Расеі таксама існуюць абмежаванні для жанчын на пэўныя прафесіі. Праўда, апошнія гады спіс канкрэтных прафесіяў скарачаецца, ён замяняецца спісам шкодных для здароўя жанчыны чыннікаў, пры наяўнасці якіх жанчыну нельга браць на працу.

Цікавы досвед Грузіі – там цяпер няма спісу забароненых прафесіяў, але ёсць нормы ў працоўным кодэксе, што на шкодную і цяжкую працу забаронена браць цяжарных і кормячых жанчын.

Ва Украіне летась адбылася рэвалюцыя ў гэтай справе. У красавіку актывісткі пачалі кампанію пад гэштэгам «жанчына можа ўсё» – і ўжо ў снежні Кабінет міністраў скасаваў спіс з 450 забароненых для жанчын прафесіяў. Абгрунтаванне было простае – гэты спіс ставіў жанчын у няроўныя з мужчынамі ўмовы.

Нягледзячы на тое, што ў Беларусі гэты спіс дасюль працуе, знаходзяцца жанчыны, якія не зважаюць на ніякія забароны.

Аляксандра Патоцкая ўжо некалькі гадоў працуе кіроўцам бетонамяшалкі. Дарэчы, гэта адзіная жанчына ў Беларусі, якая абрала для сябе такую працу.

«Калі ў жанчыны атрымліваецца, калі ў яе ўсё добра, калі яна ні ў чым не саступае мужчынам, чаму б не? Гэта асабістая справа», – кажа Аляксандра.

Алена Яськова з Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў лічыць, што спіс зроблены не проста так, а дзеля клопату пра жаночае здароўе і яе правы.

Пра тое, як жанчынам працуецца на «нежаночых працах» у Беларусі, лётчыцы, кавалі, зваршчыцы да іншыя распавялі ў студыі праграмы «Кожны з нас» (відэа вышэй).

Ток-шоу «Кожны з нас» выходзіць кожную пятніцу а 18:35. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і на нашай старонцы. Падпісвайцеся на YouTube-канал «Кожны з нас».

Стужка навінаў