«Згубілі тэст на каронавірус, запэўнівалі, што здаровая». Блогерку Насту Захарэвіч 9 дзён пераконвалі, што тэст адмоўны


Наста Захарэвіч

Рэйс Прага – Менск 14 сакавіка Наста Захарэвіч будзе памятаць усё жыццё. З адчуваннем цяжкасці ў лёгкіх і тэмператураю 37,2 градусы яна вярталася на радзіму з Чэхіі, дзе ўжо абвесцілі надзвычайнае становішча. Прайшла тэст і да сённяшняга дня яе інфармавалі, што ён адмоўны, а хвароба, з якой не можа выкараскацца, называецца грып.

Згубілі вынік тэсту

Паўторны тэст на «Ковід-19» у арганізме 26-гадовай Настассі Захарэвіч меліся зрабіць 26 сакавіка ў Гарадскім клінічным скурна-венералагічным дыспансеры, дзе яна застаецца сярод іншых шпіталізаваных «кантактаў другога ўзроўню».

«Мой мазок ад 14 сакавіка, які быў зроблены ў аэрапорце, згубіўся. Толькі што ўзялі новы. Гэта азначае, што не выключаецца магчымасць заражэння каронавірусам, і што я магла заражаць іншых увесь гэты час», – паведаміла збянтэжаная дзяўчына.

У нацыянальным аэрапорце Менск медыцынскі работнік у ахоўным касцюме бярэ мазкі на каронавірус.
Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Шмат хто з «суседзяў» Насты ў дыспансеры не мае трывожных сімптомаў. Гісторыя падобная: не так даўно былі за мяжою, па прыездзе звярнуліся да дактароў і трапілі ў шпіталь. Паводле новых эпідэміялагічных правілаў, дадому яны вернуцца, калі вынікі мазку на каронавірус будуць адмоўныя. Насту ж шпіталізавалі 19 сакавіка і не сталі спяшацца з паўторам тэсту – пацыентка сказала, што мазок бралі пяць дзён таму ў аэрапорце і не пацвердзілі наяўнасці каронавіруса ў арганізме. Дыспансер даслаў запыт у аэрапорт, а там не пацвердзілі наяўнасці аналізу Насты Захарэвіч.

«Хочацца крычаць, плакаць і кідаць рэчы! Чаму ўсё так неахайна робіцца? Страшная справа», – кажа Наста.

З ейнага аповеду вынікае, што небяспека захварэць на які-кольвечы вірус была высокая – імунітэт быў аслаблены праз грып, перанесены напярэдадні паездкі ў Чэхію 9 сакавіка. На чацвёрты дзень візіту ў Прагу Наста адчула сімптомы, якіх цяпер пазбягае ўвесь свет: сухі моцны кашаль, тэмпература і галоўнае – цяжар у лёгкіх. Акурат гэтага дня ў Чэхіі абвесцілі надзвычайнае становішча ў звязку з распаўсюдам каронавіруса.

Звычайнае становішча і непахісны пратакол

У міжнародным Менскім аэрапорце 14 сакавіка рэйс Насты сустрэлі супрацоўнікі ў форме і масках. «Але тэмпературу пасажырам рэйсу не правяралі, дэзынфекавання не праводзілі ды не вылучалі з натоўпу людзей з хваравітым, як быў у Насты, станам, і як тое зазначана на старонцы Нацыянальнага аэрапорту. У той жа час прыбыў рэйс з нейкай краіны, якую занеслі ў спіс небяспечных. Тых пасажыраў апытвалі, якія яны наведвалі краіны ды выбарачна накіроўвалі на тэст на каронавірус», – згадвае Наста. У чаргу на мазок беларуска трапіла на ўласную просьбу.

Абноўлена
Каронавірус выявілі ў жыхаркі Жыткавічаў. Яна не была за мяжой
2020.03.23 14:42

У чаканні вынікаў тэсту Наста Захарэвіч прыняла рашэнне самаізалявацца. У санслужбе аэрапорту праз тэлефон дзяўчыну запэўнілі: «Калі з вамі не звязаліся, то аналіз на каронавірус адмоўны. З дрэнным самаадчуваннем звярніцеся ў паліклініку, каб даслалі ўчастковага тэрапеўта дадому».

Участковага неахвотна выслалі. Той пацвердзіў адсутнасць пнеўманіі, але і адкрыў непрыемную праўду: забор біялагічных аналізаў па-за медустановаю не робяць. Хоць у загадзе Мінздароўя № 296 ад 17 сакавіка «Аб мерах арганізацыі аказання медычнай дапамогі пацыентам з прыкметамі рэспіраторнай інфекцыі і прыняцці дадатковых супрацьэпідэмічных мераў у арганізацыі аховы здароўя», у пункце 8.1 дадатку 4 прапісана: «Арганізаваць у хатніх умовах забор біялагічнага матэрыялу для планавых лабараторных даследаванняў».

«Падзякуй» за тэст

У панядзелак 16 сакавіка Наста даведалася, што некаторыя людзі з яе рэйсу ўсё ж атрымалі медычнае назіранне ў паліклініках: з імі трымаюць сувязь, цікавяцца станам здароўя, а праз два тыдні маюць зрабіць паўторны тэст на каронавірус.

Палата Насты Захарэвіч у Гарадскім клінічным скурна-венералагічным дыспансеры

«Гэта памылка ў сістэме. Кагосьці з рэйсу назіраюць, кагосьці – не. Давялося зноў звярнуцца ў санслужбу аэрапорту, дзе запэўнілі – усе звесткі перадалі ў санстанцыю, а тая мелася паінфармаваць адпаведную паліклініку. Але ў паліклініцы развялі рукамі», – распавядае Наста.

Узброеная градуснікам мянчанка наступныя два дні правяла ў перамовах з санстанцыяй, дзе ў выніку атрымала адказ: «За тэст на каронавірус варта падзякаваць, бо пасажырам з Чэхіі на момант прыбыцця (14 сакавіка) не мусілі яго рабіць. А тыя асобы, якія трапілі на ўлік у паліклініках, трапілі насуперак існаму пратаколу».

Hавiны
«Лік ідзе на гадзіны». Беларускія дактары замежжа выступілі з адкрытым лістом
2020.03.23 10:46

У спіс краінаў, небяспечных у кантэксце распаўсюду каронавіруса, Чэхія трапіла праз два дні. Пасажырка рэйсу Прага – Менск непакоіцца пра ўласнае здароўе і мае падсвядомы, як яна кажа, недавер да інфармацыі аб першым мазку на «Ковід-19». Таму 19 сакавіка яна звярнулася на гарачую лінію Міністэрства аховы здароўя, дзе прасіла зрабіць выключэнне і ўзяць яе пад нагляд у паліклініцы. Потым яшчэ адзін візіт тэрапеўта, мацнейшыя антыбіётыкі, пагаршэнне стану здароўя і чарговы званок у хуткую дапамогу.

Вынікаў аналізу на новы штам каронавіруса Наста будзе чакаць у той жа палаце – сярод асобаў без прыкметаў рэспіраторнага захворвання і персаналу, працу якога ацэньвае як надзвычай сумленную.

Хрысціна Чарняўская Belsat.eu

Стужка навінаў