Збіральнікі лайкаў: колькі зарабляюць беларускія блогеры?


Кожны з нас можа стаць блогерам у «YouTube’е», «Instagram’е» ды іншых сацыяльных сетках. Самыя папулярныя беларускія блогеры маюць у тысячы разоў больш падпісантаў, чымся любыя беларускія медыі.

Адзін з самых папулярных беларускіх праектаў на «Youtube’е» – IdiotikShow. Іхныя самыя паспяховыя відэа маюць пад тры мільёны праглядаў. Самыя маленькія прагляды вымяраюцца сотнямі тысячаў. У сваіх відэа хлопцы робяць, мякка кажучы, незвычайныя рэчы: садзяць на сябе ядавітых павукоў, спяць на могілках, ядуць лыжкамі соль.

«Быў міф, што немагчыма з‘есці тры сталовыя лыжкі солі. Паўтарылі, паглядзелі, што гэта прыводзіць да дрэнных наступстваў, і я больш не хачу гэтага паўтараць», – кажа ўдзельнік «IdiotikShow» Уладзімір.

Сваю папулярнасць Уладзімір тлумачыць часткова выпадковасцю, а часткова тым, што да «IdiotikShow» у беларускім сегменце інтэрнэту ніхто такога не рабіў. Гэтую думку падтрымлівае беларускі блогер і рэстаратар Іван Мураўёў.

«У патрэбны час з’явіліся. Кантэнту не было, яны зрабілі, стала цікава і пайшло-паехала. Людзі, якія цяпер пачынаюць займацца блогінгам, выкарыстоўваць нейкія платформы, ім нашмат цяжэй, чым людзям, якія пачыналі ў 2012 годзе», – мяркуе Мураўёў.

Відэа, дзе ўдзельнікі «IdiotikShow» начуюць на могілках, сабрала амаль 3 мільёны праглядаў на «YouTube’е». Паводле падлікаў Мураўёва, за такую колькасць праглядаў хлопцы зарабілі каля 3 тысячаў долараў.

Што датычыць лідараў беларускага «Youtube’у», то на першым месцы ідзе блогер Улад Бумага. Колькасць падпісчыкаў набліжаецца на 3 мільёнаў 900 тысячаў чалавек. Апошнія ролікі пра тое, хто даўжэй за ўсіх паскача на батуце за тысячу долараў ці, напрыклад, хто першы вып‘е лыжкай 5 літраў вады.

На другім месцы – блогер Андрэй Шавель з Ліды. Колькасць падпісчыкаў – каля 2 мільёнаў 800 тысячаў чалавек. Андрэй проста гуляецца на камп‘ютары ў гульні і каментуе іх у мікрафон.

Дадатак «Instagram», якая належыць «Фэйсбуку», яшчэ адное перспектыўнае месца для дзейнасці блогераў. Асабліва тых, якія любяць выстаўляць модныя лукі. І адная з самых папулярных інстаграм-блогерак Беларусі – Valerie Vivier, яна мае 630 тысячаў падпісантаў. Ейным акаўнтам на «Instagram’е» займаюцца 4 асобы. Рэкламны пост на ейнай старонцы каштуе ад 400 фунтаў.

Больш пра блогераў ды іхную працу глядзіце ў прэмʼерным выданні ток-шоу «Кожны з нас» (відэа вышэй)

Стужка навінаў