«Заводу баімся больш, чым каронавірусу». Берасцейцы выйшлі на нядзельны пратэст


Пратэст жыхароў Берасця супраць акумулятарнага заводу кампаніі «АйПауэр» працягваецца і ва ўмовах каронавірусу.

У нядзелю, 29 сакавіка, каля 150 чалавек выйшлі на традыцыйнае «кармленне галубоў». Гэты пратэст трывае ўжо больш за два гады. Кожную нядзелю берасцейцы збіраюцца на цэнтральнай плошчы гораду на несанкцыянаваныя акцыі.

Акцыя ў Берасці 29 сакавіка.
Фота: Мілана Харытонава/«Белсат»

Цяпер у пратэстоўцаў з’явілася непацверджаная інфармацыя, што Аляксандр Лукашэнка нібыта даў загад кіраўніцтву Берасцейскай вобласці «вырашыць пытанне па акумулятарным заводзе да 15 красавіка».

Акцыя ў Берасці 29 сакавіка.
Фота: Мілана Харытонава/«Белсат»

Людзі прыйшлі на плошчу ў самаробных жоўтых масках і намагаліся трымацца ў метры адзін ад аднаго.

«Заводу мы баімся больш, чым каронавірусу. Бо каронавірус пройдзе, а завод застанецца», – сказалі адразу некалькі ўдзельнікаў.

Акцыя ў Берасці 29 сакавіка.
Фота: Мілана Харытонава/«Белсат»

Пасля пратэстоўцы прайшліся шэсцем па вуліцах Пушкінскай і Савецкай.

Затрыманняў не было, але міліцыянты папярэдзілі, што акцыя не была дазволеная ўладамі. Праваабаронца Раман Кісляк неаднаразова падаў заяўку ў гарвыканкам на правядзенне акцыі, аднак кожны раз атрымліваў адмову.

ВІДЭА
«Проста хочацца жыць». Як берасцейцы ўдзень і ўначы пратэстуюць супраць акумулятарнага заводу
2019.05.25 11:43

Уласніка «Першай акумулятарнай кампаніі» і саўладальніка групы кампаніяў «1АК-GROUP», якой належыць акумулятарны завод у Берасці, Віктара Лемяшэўскага арыштавалі летась 1 ліпеня, напрыканцы 2019 году, паводле медыяў, ён быў вызвалены з СІЗА пад заклад.

Віктара Лемяшэўскага разам з галоўным бухгалтарам «Белінвестгандаль-Сплаў» Святланай Лемяшэўскай, былым дырэктарам «Белінвестгандаль-Сплаў» Сяргеем Ахрэмчукам, намеснікам дырэктара «Белінвестгандаль-Сплаў» Іванам Пакіслюкам абвінавачваюць у атрыманні і даванні хабару.

КА belsat.eu

Стужка навінаў