«Заўсёды цікава, што за зачыненымі дзвярыма». Аўтарка фільму «Дэбют» пра жанчын у Гомельскай калоніі


Пасля прагляду фільму «Дэбют» Анастасіі Мірашнічэнкі палова залы плакала. Што выклікае такія эмоцыі гледачоў, разбіраемся разам з рэжысёркай фільму, якая прывезла сваю стужку ў Горадню на фестываль дакументальнага кіно «Watch Docs».

Плакалі нават намеснікі міністраў і генпракуроры

Фільм «Дэбют» Анастасіі Мірашнічэнкі ўпершыню быў паказаны амаль год назад. Як распавядае рэжысёрка, рыхтаваўся ён цягам двух гадоў: год здымак у Гомельскай жаночай выпраўленчай калоніі ды яшчэ год на апрацоўванне матэрыялу. Тэма фільму – тэатр у калоніі, які дзее з перапынкамі каля дзесяці гадоў.

Рэжысёрка фільму “Дэбют” – Анастасія Мірашнічэнка, пасля паказу ў Горадні.

«Заўсёды цікава, што там адбываецца за зачыненымі дзвярыма. Плюс да таго, мяне прываблівала, што калонія – гэта не свабода, а тэатр – гэта свабода. Такое спалучэнне свабоды – несвабоды, як яно выглядае? Я ведала, што калонія ў Гомелі – для тых, хто асуджаны ўпершыню. У прынцыпе, там няма такіх зацятых, мацёрых зэчак. Гэта адзіная жаночая калонія, дзе ёсць дом малюткі, і маці двойчы на дзень прыкладна гадзіну могуць бачыць сваіх дзетак. І калі нехта прыходзіць у тэатр, можна прадбачыць, што гэта людзі, якія штосьці маюць у душы, у сэрцы, у галаве. Яны прыйшлі добраахвотна, іх не змушалі», – тлумачыць рэжысёрка.

Кіраўніцтва калоніі пасля першага прагляду фільму засталося незадаволенае і катэгарычна забараніла паказ. Фільм выратаваў прадзюсер, які дамогся, каб кінастужку паглядзелі найвышэйшыя чыны ў Беларусі і Генпракуратура. Як распавядае рэжысёр, нават яны, міністры ды іхныя намеснікі, кіраўнікі МУС і генеральныя пракуроры не саромеліся плакаць на праглядзе і ўрэшце дазволілі паказ фільму публіцы.

«Канечне, я такой рэакцыі не чакала. Мабыць, паколькі яны глядзелі фільм у зале з вялікім экранам, з якога на цябе глядзяць вялікія твары жанчын, з поўнымі слёз вачыма, якія дзеляцца сваімі думкамі, жыццёвымі гісторыямі, болем, – гэта не магло пакінуць абыякавым. Акрамя таго, нам сказалі, што мы вельмі добра знялі ногі», – кажа Анастасія.

Кадр з фільму “Дэбют” Анастасіі Мірашнічэнкі

Ногі як твары

Ногі асуджаных, якія мільгаюць у фільме і якія таксама трапілі на яго афішу, сапраўды прыцягваюць увагу.

«Нам не аднойчы казалі, што ногі ў фільме – як твары. І гэта сапраўды так. Я іх адмыслова і свядома няспынна паўтараю, рэфрэнам. Гэта своеасаблівыя партрэты жанчын, бо праз абутак можна ацаніць, ці ёсць дапамога з дому. Калі ў яе ёсць свае боцікі, яна не ў казённых, значыць, іх прыслалі. Гэтыя ногі – паказчык сямейнага становішча, і назіраючы за імі, можна шмат чаго зразумець пра асобу», – тлумачыць рэжысёрка.

Эмоцыі ў дакументальным кіно – не падробка

Дык чаму фільм выклікае такія эмоцыі? Вельмі кранальны ў фільме адзін з апошніх эпізодаў, калі арыштантка пакідае калонію і забірае сваё дзіця, якое там нарадзілася. Жанчына абдымае родных, якія яе сустракаюць, усе плачуць, а пасля маленькі хлопчык разварочваецца і са словамі «Мама, хадзем дахаты!» рушыць назад у калонію.

«У гэтым адрозненне гульнёвага кіно ад дакументальнага. Калі б гэтую сцэну я ўбачыла ў мастацкім фільме, я б падумала, што рэжысёры напрыдумлялі, дзіця цукеркай павабілі. Гэта выглядала б занадта салодка. Ніхто з нас уявіць не мог, што такое можа адбыцца. Агулам, мы калі пачыналі здымаць, то не ведалі, пра што дакладна будзе фільм: пра тэатр ці пра калонію. Атрымаўся фільм пра людзей», – кажа Анастасія Мірашнічэнка.

У фільме «Дэбют» 11 гераіняў. Гэта арыштанткі, якія прыйшлі ў тэатральную трупу. Цягам фільму мы назіраем, як рэжысёрка п’есы муштруе іх, нібы сапраўдных акторак. Не шкадуе гледача і Анастасія Мірашнічэнка, якая не дае прасторы ніякім стэрэатыпам. Кінатворца паціху, крок за крокам, раскрывае асобы, іхныя трагедыі, да самага апошняга моманту не адказваючы на пытанне, за што гэтыя жанчыны сядзяць.

«У часе здымак мы адмыслова не пыталіся, за што гэтыя жанчыны сядзяць, што дазволіла цалкам па-іншаму паглядзець на чалавека. Мы назіралі за імі здалёк, праз аб’ектывы. Часам мы самі не чулі, пра што яны гавораць. Пасля ўжо прыязджалі ў Менск і выбіралі тое, што кранае. У фільме ёсць момант, дзе дзяўчаты жартам трымаюць мікрафон і робяць выгляд інтэрв’ю. Я гэта ўбачыла і кажу аператару: здымай хуценька. А потым высветлілася, што на пытанне «Куды ты паедзеш?» яна проста не ведала, што адказаць. Гэта страшная трагедыя. Дзяўчына пасля шасці гадоў у калоніі нават у фантазіях не можа ўявіць, куды яна паедзе: у рэстаран ці на фотасесію. Яна разгубілася і заканчвае проста словамі «Мы едзем, едзем…» Вельмі моцны момант», – апавядае рэжысёрка.

Што самае страшнае за турэмнымі кратамі?

«Магчыма, прагучыць банальна, але, мне здаецца, гэта адчуванне згубленых гадоў, разрыў з блізкімі. Калі тысячны раз згадваеш і пракручваеш у галаве кожнае грубае слова, кожную няўвагу, кожныя зачыненыя дзверы. У фільме ёсць сцэна, дзе адна з гераінь гаворыць з мамай. І не важна, пра што яны размаўляюць. Яна ўвесь час паўтарае: мамачка, час, час… Яна мае ўсяго тры-чатыры хвіліны, каб пагаварыць з ёй, каб пачуць дзяцей. Гэта такія рэчы, якіх штодня не заўважаеш.

У фільме я нікога не хачу абяляць ці чарніць. Яны ўчынілі злачынства – яны пакараныя. Я нават не хачу разбірацца, наколькі справядліва яны пакараныя. Ніхто не выходзіць з калоніі з жаданнем вярнуцца. Але пытанне ў тым, ці змогуць яны сябе знайсці, калі выйдуць на свабоду. Ці возьмуць на працу жанчыну, якая сядзела, ці прымуць яе муж і сям’я. Ці здолее яна асімілявацца пасля, скажам, васьмі гадоў у калоніі. Калі адну з маіх гераінь перавялі на хімію і ў яе з’явілася магчымасць тэлефанаваць, яна казала, што нанова вучылася размаўляць па тэлефоне, яна прызвычайвалася, што можна абмяркоўваць працу, надвор’е. Іншая мне казала, што першыя пару тыдняў на свабодзе хацела б пажыць адна, агледзецца, як уключаць мікрахвалеўку, прымаць ванну, іншае», – распавядае рэжысёрка.

У Амстэрдаме стаяў гул

Адзін з першых і паспяховых паказаў адбыўся ў Галандыі, дзе фільм таксама выклікаў багата эмоцыяў.

«Калі мы паказвалі фільм у Амстэрдаме, дзе на кожным кроку кавашопы, дзе няма турмаў увогуле, то ў зале стаяў гул, калі гледачы пабачылі тэрміны за ўжыванне і распаўсюд наркотыкаў. Я гэтых тэрмінаў таксама не разумею. Я не хачу лезці ў нетры заканадаўства, але лічу, што калі чалавека ўпершыню за такое асуджаюць, то трох-чатырох гадоў дастаткова. Бо потым ужо абсалютна нішчыцца псіхіка. Яны працуюць там шэсць дзён на тыдзень. Пад’ём паводле раскладу, сняданак, шыхтаванне, пералік, праверкі, ці засланыя ложкі. На фабрыку пайшлі, адпрацавалі, міліцэйскую форму адшылі. Як яны самі смяюцца: калі б не было Гомельскай калоніі, міліцыянты голыя б хадзілі. Штодня манатоннае дзеянне. Пасля фабрыкі зноў шыхтаванне, вячэра, потым мяцеш пыл, лужыны, лістоту, прыбіраеш снег. Адбой а 22.00, і да гэтага часу яны не маюць права прысесці, яны мусяць быць увесь час занятыя. І гэтак ад некалькіх месяцаў да некалькіх гадоў», – кажа стваральніца фільму.

Анастасія Мірашнічэнка стала вядомай дзякуючы дакументальнаму фільму «Скрыжаванне», пра гомельскага бяздомнага мастака. Фільм меў поспех і з часам стаў сацыяльным праектам. Стужка «Дэбют» – не менш кранальная карціна, якая спыняе ля экрану і не адпускае да канца. Такія фільмы рэдка паказваюць у дзяржаўных кінатэатрах, але калі ўбачыце аб’яву з паказам у вашым горадзе, не пашкадуйце часу.

Паўліна Валіш, фота Васіль Малчанаў, belsat.eu

Стужка навінаў