«Толькі адзін адмовіўся збіваць». Мянчук трапіў у аўтазак за пытанне інспектару ДАІ

20 чэрвеня Аляксандра разам са стрыечнай сястрой Вікторыяй затрымалі на праспекце Незалежнасці, каля цырку. Яго, як і дзясяткі іншых мінакоў, з ужываннем фізічнай сілы запакавалі ў аўтазак, дзе збівалі і зневажалі, не даўшы магчымасці паведаміць родным пра месцазнаходжанне.

19 чэрвеня мянчук Аляксандр сустрэўся з сёстрамі і шваграм у цэнтры гораду. Маладыя людзі не планавалі ўдзельнічаць у ланцугу салідарнасці. У той дзень яны ездзілі на роварах і самакатах. Апоўначы ад цырку, насупраць якога жыве Вікторыя, рушылі ў «McDonald’s» на Кастрычніцкай. Гісторыя затрымання пачалася з размовы з інспектарам ДАІ. Хлопец пад’ехаў спытаць, ці могуць яны ехаць па праспекце, на што атрымаў адказ: «Пайшлі нах*й адсюль».

«Я здзівіўся стылю камунікацыі і ад’ехаў. Да яго падышоў швагер сказаць пра недапушчальнасць такіх абаротаў. Той на дапамогу паклікаў калегаў. Канфлікту не было, але сабраліся людзі побач, паглядзець, што адбываецца».

«Вы, менскія, аху*лі»

Даішнік у нейкі момант пабег у бок цырку. Там стаялі аўтазакі, у якіх сядзелі праваахоўнікі ў цывільным. Вельмі хутка прыехаў мінібус. Аляксандра першага знялі з ровара і закінулі ў салон, дзе пачалі біць і зневажаць.

«Яны крычалі, што мы, менскія, аху*лі. Маўляў, цяпер разумееш, хто тут галоўны і г. д. Было бачна, што яны азлобленыя. Па мове і паводзінах я зразумеў, што яны не гарадскія, іх адмыслова прывезлі».

Збіты АМАПам Аляксандр. Фота суразмоўцы

Аляксандр распавядае, што сабралася шмат людзей, і іх усіх хапалі. Мужчына быў у шокавым стане і з цяжкасцю ўспамінае дэталі. Аляксандра перавялі з меншага аўтобуса ў большы:

«Мяне паклалі на зямлю перад гэтым аўтазакам і пачалі біць. І па твары, і па целе, па рэбрах. У мяне была траўма на рэбрах, я ўпаў. У аўтобусе працягнулі біць і абражаць, прыніжалі. Смяяліся з майго стану. У шортах адарваўся гузік, яны здзекаваліся. Толькі адзін баец сказаў, што не будзе біць, бо бачыць, што мне баліць. Той, хто найбольш біў, сказаў: калі не можаш біць, то сыходзь. І выпіхнуў яго ў сярэдзіну аўтобуса».

Раварыст-мэм распавёў пра сябе, АМАП і поўныя казематы на Акрэсціна

У запоўненым аўтазаку затрыманых прывезлі ў Савецкі УУС і паставілі тварам да сцяны ў дворыку аддзялення. У Аляксандра цякла кроў з носа, але насоўкі яму не далі, як і вады, якую ён папрасіў для сястры. У дзяўчыны здарыўся прыступ панічнай атакі. Размаўляць паміж сабою было нельга. У такіх варунках давялося правесці некалькі гадзінаў. Аляксандр адзначае, што ніхто з аператыўнікаў на кантакт не ішоў. Было бачна, што ўнутры іхнага калектыву канфліктная сітуацыя.

«Па размовах я чуў, што яны на змене ад 9-й раніцы. Гэта быў не першы завоз, і яны стаміліся. Быў канфлікт паміж афіцэрамі. Сілавікі не з Менску не хацелі ехаць на звычайныя выклікі, бо ўжо доўга працавалі».

Збіты АМАПам Аляксандр. Фота суразмоўцы

Аляксандра выпускалі апошнім, пасля 4-й раніцы, бо мужчына адмовіўся распісвацца ў пратаколе. Дакументы былі падрыхтаваныя загадзя:

«Там было напісана, што 19 чэрвеня я ўдзельнічаў у несанкцыянаванай акцыі на Якуба Коласа, выкрыкваў «Стоп таракан». Мяне прывялі другі раз, я сказаў, што не буду падпісваць. Тады мне ўказалі на дзверы. Здымаў пабоі ў паліклініцы. Усе дактары былі шакаваныя, што так збіваюць, а галоўнае – за што. Я не апалітычны. Гэта агонія рэжыму. Шмат людзей кажуць, што ніхто не хоча крыві, але 9 жніўня магчыма ўсё».

«Страшна выйсці з дому»

Гэтак жа падпісваць пратакол адмовілася і стрыечная сястра менчука Вікторыя. Сама дзяўчына расказвае, што яе схапілі за шкірку і пацягнулі ў аўтазак. Дзяўчына баялася, што яе будуць біць, таму не супраціўлялася і нічога не казала. У аддзяленні міліцыі з дзяўчынаю здарылася істэрыка:

«У аўтазаку пасадзілі ў закрыты бокс без вокнаў і святла. Я чула крыкі, як білі людзей. Калі адпускалі з аддзялення, пагражалі, што калі яшчэ раз зловяць, будзе дрэнна. Страшна выйсці на вуліцу. Ніколі не чакала, што магу быць у небяспецы ў сябе ўдома».

Суткі, штраф і крымінальная справа. Чым закончыўся інцыдэнт з АМАПам у Маладзечна

Родная сястра Аляксандра Святлана засталася на волі і апісвае паводзіны праваахоўнікаў, як дзікіх звяроў. Муж дзяўчыны ўцякаў на самакаце. За ім нават выслалі аўта, але не дагналі.

«Гэта абсурд. Яны білі, хапалі людзей ні за што, людзі проста стаялі, глядзелі, хтосьці здымаў, а ў выніку людзей прыпісалі да ўдзельнікаў пікетаў. Нас абразіў супрацоўнік ДАІ, на што мы абурыліся. Самае жудаснае, што мы баімся хадзіць па вуліцах гораду, баімся звяртацца да супрацоўнікаў міліцыі, тых, хто павінен нас абараняць! На наступны дзень сястра званіла і прасіла пагаварыць, бо ішла побач з аўтазакамі. Яна баялася, што яе забяруць, і ніхто не будзе ведаць, дзе яна!»

Аляксандр шукае відавочцаў і збіраецца пісаць заяву ў пракуратуру. Калі вы сталі сведкам ягонага затрымання ды іншых людзей, пішыце нам на электронны адрас BELSAT.EU@GMAIL.COM

Падчас ланцугоў салідарнасці па ўсёй Беларусі затрымалі больш за 360 чалавек. Міністр унутраных справаў Юрый Караеў заявіў, што ў цяперашняй сітуацыі непазбежныя выпадкі, калі супрацоўнікі праваахоўных органаў, перарываючы несанкцыянаваныя мерапрыемствы, «ненаўмысна кранаюць старонніх людзей». Таму ён патрабуе ад падначаленых, каб у міліцыю не патрапілі тыя, «хто не хацеў у гэтым удзельнічаць», а супрацоўнікаў АМАПу просіць не біць, не прымяняць фізічную сілу, не даставаць спецсродкі.

Дар’я Курачкіна belsat.eu

Hавiны