Затрыманні дырэктараў у Гомлі, Віцебску, Воршы. КДБ для каментароў не дасяжны


Паводле інфармацыі крыніцаў belsat.eu, 21–22 траўня адбыліся затрыманні дырэктараў шэрагу прадпрыемстваў у Гомлі, Віцебску ды Воршы. Часцы затрыманых інкрымінуюць удзел у карупцыйных схемах.

Як высветлілі карэспандэнты belsat.eu, на працоўным месцы адсутнічае дырэктар аршанскага ААТ «Станказавод «Чырвоны барацьбіт» Аляксандр Ш. На прадпрыемстве «Белсату» паведамілі, што ў найбліжэйшы час кіраўнік на працы не з’явіцца.

Аналагічная сітуацыя з дырэктарам на гомельскім ААТ «СтанкаГомель». Кіраўнік прадпрыемства Уладзімір С. на працы адсутнічае, на пытанне карэспандэнту belsat.eu, калі дырэктар з’явіцца на працоўным месцы, у прыёмнай ААТ «СтанкаГомель» уцямнага адказу не далі.

Тэрыторыя ААТ «СтанкаГомель». Фота belsat.eu

Таксама затрыманыя дырэктары віцебскіх заводаў ААТ «ВІЗАС» (Віцебскі завод заточных станкоў) і станкабудаўнічага заводу «Вістан». На апошнім прадпрыемстве карэспандэнта belsat.eu запэўнілі, што дырэктар Валер К. «у камандзіроўцы», а на дадатковае пытанне пра затрыманне ў прыёмнай кінулі слухаўку. Як цвердзяць крыніцы «Белсату» Валеру К. інкрымінуюць удзел у карупцыйных схемах пры закупах з удзелам кампаніі «Сітэк».

Паводле інфармацыі крыніцаў belsat.eu, затрыманыя дырэктары перабываюць у СІЗА КДБ у Менску. Прэсавая служба КДБ цягам дня на тэлефанаванні не адказвае.

Таксама паводле інфармацыі крыніцаў belsat.eu, праваахоўнікі цікавіліся працаю кіраўнікоў Гомельскага заводу станочных вузлоў, Менскага заводу аўтаматычных лініяў, Менскага заводу «МЗОР», пінскага «Кузлітмашу», ніводнага з кіраўнікоў названых прадпрыемстваў карэспандэнты belsat.eu не знайшлі на працоўным месцы.

  • Пералічаныя прадпрыемствы раней уваходзілі ў склад холдынгу «Белстанкаінструмент», які быў створаны на базе Менскага станкабудаўнічага заводу ў 2012 годзе. Агулам у холдынг уваходзіла 16 прадпрыемстваў. Праз чатыры гады холдынг перастаў існаваць.

АН/ДР belsat.eu

Стужка навінаў