Юлія Кузьменка, якая паводле следства, заклала выбухоўку пад аўтамабіль Паўла Шарамета, напісала ліст да маці загінулага журналіста. Зварот апублікаваў адвакат падазраванай на сваёй старонцы ў Facebook.
«Мы з Вамі не знаёмыя асабіста, але ўжо, на жаль, знаёмыя завочна. Я не буду пісаць і пераконваць вас, што я тут ні пры чым – я хачу, каб Вы гэта даведаліся з аб’ектыўных экспертыз і доказаў на правядзенні якіх я настойваю », – піша Юлія Кузьменка.
Яна выказвае свае шчырыя спачуванні Людміле Шарамет, якой давялося перажыць смерць сына.
«Вы тры гады пасля гэтага назіралі імпатэнцыю нашай структуры МУС у расследаванні яго смерці. Выбачайце, але Вам прыйдзецца зноў убачыць, што са смерці Вашага сына зараз робяць шоў з нашым удзелам, прабачце нашу краіну і за тое», – адзначае Юлія Кузьменка.
Юлія Кузьменка – урач-хірург, кандыдат медычных навук. Цяпер піша доктарскую дысертацыю. Працуе ў Цэнтры дзіцячай кардыяграфіі і кардыяхірургіі. Доўгі час была валанцёрам на фронце.
У дзень забойства Паўла Шарамета Юлія Кузьменка выклала ў сваім Facebook фота і напісала ў каментарах, што знаходзіцца ў адпачынку.
Юлія Кузьменка затрыманая і да 8 лютага 2020 году ў дачыненні да яе ўжытая мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай.
12 снежня 2019 года кіраўнік МУС Украіны Арсэн Авакаў паведаміў пра затрыманне падазраваных у забойстве Паўла Шарамета. У гэты ж дзень у Кіеве прайшоў брыфінг, на якім былі названыя імёны затрыманых. На прэс-канферэнцыі прысутнічаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Імёны замоўцаў не былі названыя.
Вядомы журналісты Павел Шарамет загінуў 20 ліпеня 2016. У аўтамабілі, на якім ён ранкам ехаў на працу, спрацавала выбухоўка.