Затрыманага ў «справе прафсаюзаў» Ігара Комліка перавялі на Валадарку


Пра гэта паведаміў прэсавы сакратар Прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці Мікалай Герасіменка.

Ігар Комлік – галоўны бухгалтар і старшыня Менскай гарадской арганізацыі прафсаюзу РЭП. Яго затрымалі 2 жніўня паводле крымінальнай справы за нясплату падаткаў і змясцілі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў.

Паводле закону, праз 72 гадзіны затрыманага належыць або адпусціць, або вызначыць яму далейшую меру стрымання. У дачыненні да Ігара Комліка такой мерай стала змяшчэнне пад варту ў Следчы ізалятар № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.

Праваабарончыя арганізацыі яшчэ 3 жніўня заявілі, што лічаць Ігара Комліка палітвязнем.

Паводле праваабаронцаў, распачатая супраць прафсаюзных лідараў крымінальная справа палітычна матываваная, звязаная з актыўнай прафсаюзнай дзейнасцю і мірным ажыццяўленнем права на свабоду асацыяцыяў.

ЮВ, belsat.eu, паводле svaboda.org

Стужка навінаў