Затрымалі Дашкевіча і Леўчанку ў кватэры Уладзімера Арлова. Адноўлена


Пра затрыманне актывістаў Маладога фронту паведаміла жонка Змітра Дашкевіча Наста ва ўласным Facebook.

Паводле праваабаронцаў, Дашкевіч знаходзіцца ў Ленінскім РУУС.

Хлопцаў затрымалі, калі яны утраіх усталеўвалі кухню у кватэры пісьменніка і гісторыка Ўладзімера Арлова і яго жонкі, Валянціны Аксак. Яна распавяла belsat.eu, што невядомыя ў цывільным і з маскамі з’явіліся ў яе кватэры, калі яна сама выйшла ў краму. Як раз у гэты момант хлопцы чакалі замоўленную па Інтэрнэце ежу. Відавочна, невядомыя ведалі пра гэта і выбралі зручны момант, калі гаспадыні не было дома. Пагрукаўшыся ў дзверы, на пытанне хлопцаў «Хто там?» яны адказалі «Дастаўка ежы».

«Я вярнулася, убачыла на лесвіцы цэлы натоўп невядомых мне людзей і Зміцера Дашкевіча і Арцёма Леўчанку тварам да сцяны. Калі я спытала ў чым справа, мне сказалі, што ў мяне працавалі дрэнныя работнікі, бо выбілі на кухні дзверы, таму прыйшлося прыехаць іх затрымліваць. Я сказала, што я як гаспадыня нікога не выклікала. І ён не стаў болей са мной размаўляць»,- кажа Валянціна Аксак.

Невядомыя былі ўсе ў цывільным і ў масках. Яны забралі тэлефоны хлопцаў, адзенне. Трэцяга хлопца, які быў скручаны да сцяны разам з Дашкевічам і Леўчанкай, адпусцілі, сказаўшы, што ён «недатычны да арганізацыі Дашкевіча».

Ёсць меркаванне, што таксама затрымалі актывіста Сяргея Пальчэўскага. Месцазнаходжанне яго цяпер невядомае.

«Пальчэўскі Сяргей у гэты час ездзіў на нашай машыне за неабходнымі інструмантамі, пад’язджаючы да кватэры яго хацелі затрымаць. Відаць, ён вырашыў не выходзіць з машыны. У машыны разбіта бакавое шкло, машына раскрыта, Сяргея няма», – піша Наста Дашкевіч.



Раніцай лідар Маладога фронту Зміцер Дашкевіч зрабіў заяву на сваёй старонцы ў Facebook наконт арышту Міраслава Лазоўскага і Яўдахі.

Можа гэтым, 375-ым разам, прасвятлеюць розумы пераварвальнікаў Лукашэнкі? Пакуль вы яго пераварваць будзеце, ён астатніх па турмах згнаіць.

Ноччу стала вядома пра збіццё і арышт Міраслава Лазоўскага, які ў свой час быў актыўным удзельнікам спартова-патрыятычнай арганізацыі «Белы Легіён», якая займалася выхаваннем моладзі, а таксама ўдзельнічала ў вулічных акцыях 1990-х. У 2000-х Легіён згарнуў сваю дзейнасць. На дадзены момант Лазоўскі з’яўляецца памочнікам дырэктара выдавецтва «Кнігазбор».

Кнігараспаўсюдніка Алеся Яўдаху скралі невядомыя 21 сакавіка, адразу пасля літаратурнай прэміі «Дэбют», на якой ён прысутнічаў. Яго абвінавачваюць у арганізацыі і падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. Пра гэта паведаміў ў сваім акаўнце Facebook напісаў вядоўца Усевалад Сцебурака. Месцазнаходжанне кнігараспаўсюдніка невядомае.

Затрыманні звязваюць са справай «беларускіх баявікоў».

ВЧ, ВД, belsat.eu

Стужка навінаў