Зась заявіў, што ў Беларусі выдаткі на абарону вырастуць да 1,5 % ад ВУП

Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў новы план абароны Беларусі і Канцэпцыю будаўніцтва і развіцця Узброеных сілаў да 2030 года, якія сёння на пасяджэнні ў Палацы Незалежнасці ўхваліў Савет бяспекі. Пра гэта паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

Лукашэнка падпісвае новы план абароны Беларусі. Фота – president.gov.by

Дзяржсакратар Савета бяспекі Станіслаў Зась заявіў журналістам, што ў новым плане абароны Беларусі акцэнт зроблены на стратэгічнае стрымліванне суперніка

«У плане абароны акцэнт робіцца на перадухіленні развязвання агрэсіі, стратэгічным стрымліванні. Гэтаму нададзена больш увагі, чым у папярэднім плане, распрацаваныя дакументы па стратэгічным стрымліванні. Нададзена больш увагі і пытаннях дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне – гэта таксама пытанні абароны. Гэта рэальнасць нашай сучаснасці, з якой сутыкнуліся па ўсім свеце: усё пачынаецца з дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне, правакавання ўнутранага ўзброенага канфлікту», –цытуе Зася БелТА.

Зась паведаміў, што Беларусь будзе павышаць выдаткі на абарону.

«Усё было пралічана. Мы ў стане забяспечыць ваенную бяспеку нашай краіны, зыходзячы з тых магчымасцяў, што ў нас ёсць, – заявіў дзяржсакратар. – Мы будзем планамерна павышаць выдаткі на абарону. Гэта на самай справе трэба рабіць, калі ставім за мэту якасна нарошчваць патэнцыял Узброеных сілаў».

Плануецца, што за дзесяць гадоў выдаткі на абарону вырастуць да 1,5% ад ВУП.

На дадзены момант, паводле розных падлікаў, Беларусь штогод выдаткоўвае на абарону ад 1 да 1,27 % ВУП.

Што тычацца Канцэпцыі будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл да 2030 года, то тут акцэнт зроблены на захаванне існага складу і структуры арміі, яе якаснае развіццё за кошт паляпшэння баявой падрыхтоўкі, пераўзбраення і мадэрнізацыі тэхнічнай складніку.

Лукашэнка абмяркоўвае з сілавікамі план абароны Беларусі

ІІ belsat.eu

 

Hавiны