У Магілёве школьніку пагражалі 8 гадамі турмы за рэпост ва «УКантакце»


Завуч магілёўскай школы № 8 Наталля Церахава запужвае дзяцей турэмнымі тэрмінамі за публікацыі і рэпост інфармацыі пра Лукашэнку ў сацыяльных сетках. Belsat.eu знайшоў сведкаў, якія на ўмовах ананімнасці пацвярджаюць ціск з боку адміністрацыі школы.

Скрын перапіскі ў «Viber’ы» класнай настаўніцы 8 «Б» Наталлі Прасаловіч з падапечнымі трапіў у тэлеграм-канал NEXTA. У пасце сцвярджалася, што педагог адсочвае дзяцей у сацыяльных сетках, вышуквае іх у апазіцыйных пабліках, а пасля пагражае выключэннем са школы, пастаноўкай на улік у міліцыі.

З паведамленняў сапраўды вынікае, што педагог не задаволеная актыўнасцю школьнікаў у сетцы «УКантакце» і просіць іх неадкладна пакінуць суполку «STOP LUKA».

Belsat.eu даведаўся, што запужванне ініцыявала не настаўніца беларускай мовы, а намесніца дырэктара па выхаваўчай працы Наталля Церахава.

Паводле нашых крыніцаў, на аднаго з вучняў 8 «Б» паскардзілася аднакласніца. Хлопец стварыў старонку з фота кіраўніка Беларусі і перадрукаваў артыкул пра «дармаедаў», якія пачалі напоўніцу плаціць за гарачую ваду, а ў статусе напісаў: «Дэмакратыі няма».

«Пра гэта даведалася завуч, пачала ціснуць і змусіла Наталлю Леанідаўну напісаць у той чат. А яна тут ні пры чым», – распавялі belsat.eu абазнаныя ў сітуацыі крыніцы.

Сцвярджаюць, што дзяцей 8–11 класаў збіралі ў актавай зале, дзе завуч распавядала, што ў Беларусі забароненая апазіцыя, падпісанты фэйкавай старонкі атрымаюць штраф, а за «знявагу» Лукашэнкі – 8 гадоў турмы, маўляў, нават больш, чым за забойства і наркотыкі.

Таксама нам стала вядома, што школьніка, які стварыў акаўнт, выклікалі на прафілактычную нараду да дырэктара, дзе сабраліся завуч, педагогі, псіхолаг. Хлопца папярэдзілі, каб не ўдзельнічаў у мітынгах.

«Пагражаюць, што звольняць ягоных бацькоў. Увогуле кажуць, што на хлопца завялі справу за абразу. Нібыта гэта правярае міліцыя, бо пасля публікацыі NEXTA яны зрабілі скрын», – патлумачылі нам.

Магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель у размове з Belsat.eu сказаў, што пагрозы з боку завуча парушаюць права на свабоду слова.

«Ніякага складу злачынства і парушэнняў тут няма. Чалавек выказаў сваё меркаванне. Гэта не абраза. Нават слова «Лука» – не абраза. Яны проста маніпулююць і ціснуць. Хай пачытаюць Канстытуцыю, там усё напісана. Бацькоў за гэта не могуць звольніць, а дзяцей выключыць са школы», – кажа праваабаронца.

Справка

Артыкул 23. Абмежаванне правоў і свабодаў асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маральнасці, здароўя насельніцтва, правоў і свабодаў іншых асобаў.

Цяпер у школах канікулы. З Наталляй Церахавайй і Наталляй Прасаловіч звязацца не ўдалося.

Выслухаўшы пытанні belsat.eu, дырэктар школы № 8 Аляксандр Корзун адказаў лаканічна: «Бывайце».

ДР belsat.eu

Стужка навінаў