Замежнікі змогуць прыяжджаць у Беларусь без візы на 10 дзён


Ужо ў гэтым годзе плануюць павялічыць перабыванне замежнікаў у Беларусі без візы з 5 да 10 дзён.

«Пазначыць нейкую канкрэтную дату не магу, але думаю, гэтае пытанне можа быць вырашана да канца года. Магчыма, і ўлетку, але я баюся даваць канкрэтныя тэрміны», – паведаміў журналістам Віталь Грынцэвіч, намеснік кіраўніка Дэпартаменту па турызму Міністэрства спорту і турызму.

Пакуль што гаворка ідзе толькі пра перасячэнне мяжы праз Нацыянальны аэрапорт Менск.

Раней кіраўнік МЗС Уладзімір Макей заяўляў пра планы пашырыць бязвізавы ўезд у Беларусь на 30 дзён.

Пяцідзённы бязвізавы рэжым пачаў дзейнічаць у Беларусі ў лютым 2017 году. Скарыстацца такой магчымасцю могуць грамадзяне 80 краінаў. Трапіць без візы ў Беларусь на 10 дзён можна і цяпер, але толькі ў асобныя раёны Берасцейскай і Гарадзенскай вобласцяў.

ГА, belsat.eu

Стужка навінаў