Замацаваць статус «самага чыстага гораду». У Менску з'явілася мапа «Zero Waste»


На мапе «Zero Waste» Менску збіраюць месцы, дзе можна набыць незапакаваныя тавары ды рэчы сэканд-хэнд, а таксама раяць, як дамагчыся продажу тавараў у сваю тару.

Мапа «Zero Waste»
Канцэпцыя «Нуль адкідаў», ці «Zero Waste» заклікае жыць без смецця. Што пачытаць? Кніга «Zero Waste» Робіна Мары («Zero Waste», Robin Murray)

Паводле экаруху «Мэта – 99», цяпер адзін беларус у сярэднім вырабляе 350–400 кг адкідаў за год, а яшчэ 10 гадоў таму ён выкідваў 250 кг. Яшчэ лічбы. У 2017 годзе ў Беларусі сабралі каля 650 тыс. тонаў другасных рэсурсаў з побытавых адкідаў. Гэта амаль удвая больш, чымся ў 2010 годзе.

Існуюць тры асноўныя спосабы ўтылізаваць побытавыя адкіды: пахаваць, спаліць і перапрацаваць. Толькі прыблізна 30 % змесціва адмысловых кантэйнераў, прызначаных для паасобнага збору смецця, ідзе на перапрацоўку, астатняе – «бруд» – адпраўляецца на палігоны.

У найлепшым выпадку вашае смецце закапаюць у яму ў зямлі. У найгоршым – спаляць. Спальванне вырабляе адныя з самых таксічных рэчываў, створаных чалавекам, – дыаксіны. Яны могуць выклікаць праблемы ў галіне рэпрадуктыўнага здароўя і развіцця, праблемы імуннай сістэмы, гарманальныя парушэнні і ракавыя хваробы.

Але нават паасобнага збору смецця не дастаткова, каб развязаць праблему адкідаў. Смецце – гэта толькі вяршыня айсбергу, вялікая частка адкідаў утвараецца ў працэсе вытворчасці.

Выйсце – адмова ад непатрэбных рэчаў. Канцэпцыя «Zero Waste» складаецца з пяці простых правілаў, сфармуляваных вядомаю актывісткаю Бэа Джонсан. Гэта так званыя правілы 5R:

Refuse – адмова

Reduce – памяншэнне спажывання

Reuse + Repair – паўторнае выкарыстанне і рамонт

Recycle – перапрацоўванне

Rot – кампаставанне

Бэа Джонсан жыве ў Каліфорніі. У яе ёсць муж, два сыны – 16 і 18 гадоў, сабака. За год сямʼя пакідае маленькую банку адкідаў. У ёй аказваецца тое нешматлікае, што нельга перапрацаваць, спажыць яшчэ раз, кампаставаць.

Толькі прыблізна 30 % змесціва адмысловых кантэйнераў, прызначаных для паасобнага збору смецця, ідзе на перапрацоўку. Фота Donat Sorokin/TASS

У Беларусі цяжка знайсці тавары без пакавання, настолькі ж складана, як прымусіць наліць кавы ў свой кубак. Belsat.eu пагаварыў з Юляй Лісіцай, прыхільніцаю канцэпцыі «Zero Waste», якая рыхтуецца да адкрыцця першай у Менску крамы без пакавання.

«У краме «ZERRO» будуць прадаваць касметыку, мыйныя сродкі на разліў, а таксама тавары, якія дапамогуць зменшыць колькасць пластыкавага смецця (мяшэчкі з тканіны замест пластыкавых пакункаў, бамбукавыя шчоткі, металічныя трубачкі для напояў ды іншае).

Мы адкрываем краму, каб зменшыць колькасць пластыкавага смецця ў Беларусі, ашчадзіць прыродныя рэсурсы там, дзе гэта лёгка можна зрабіць, павысіць экалагічную свядомасць беларусаў».

Сваёй ініцыятывай Юля робіць адзін з крокаў на шляху да скарачэння адкідаў. Ёсць мноства кірункаў: экалагічная хімія, замкнёная сістэма вытворчасці, аднаўляльная энергетыка ды іншае. Для кагосьці гэта можа быць марнаваннем часу, для іншых – магчымасць стварыць карысны бізнес і зрабіць свой асабісты ўнёсак у захаванне прыродных рэсурсаў.

Наколькі проста беларусам пераключыцца і перайсці на сістэму «нуль адкідаў»? Кажа каардынатарка ініцыятывы «Zero Waste» – мапы ў Менску Таццяна Кузняцова:

«Мы рабілі экспедыцыю ўлетку па рэгіёнах Беларусі, і высветлілася, што сярод насельніцтва ўсё яшчэ актуальныя шмат якія практыкі «Zero Waste», якія выкарыстоўваюцца ў асноўным для эканоміі, кшталту мыцця пакетаў, пляцення круглых дыванкоў з абрэзкаў тканіны і г. д. У гэтым сэнсе традыцыі яшчэ жывыя. Але не вядома, як тыя ж людзі будуць сябе паводзіць, калі іхны дабрабыт вырасце. Бо цяпер асноўная матывацыя – эканомія. Нават не ўва ўсіх крамах даюць бясплатныя пакеты (хутчэй за ўсё, таксама не з пункту гледзішча экалогіі, а з погляду эканоміі).

Я думаю, што гэта ў тым ліку праз савецкае мінулае: магчымасці для спажывання былі абмежаваныя, людзі прызвычаіліся ўсё чыніць, перашываць. Напрыклад, у Штатах дакладна будзе іншая сітуацыя, бо ў іх вельмі рэдка сустрэнеш паслугі дробнага побытавага рамонту, такая культура зусім не сфармаваная.

Мапа «Zero Waste» – грамадскі праект, у стварэнні якога можа ўзяць удзел кожны і кожная. Каб запрапанаваць сваё месца або нават новы пласт на мапу, можна скарыстацца формаю «дадаць пункт на мапу» на старонцы праекту.

ЛП, belsat.eu

Стужка навінаў