«Займаць актыўную пазіцыю, каб мець гонар пачуць прэзідэнта». Што актывісты БРСМу распавядаюць школьнікам (аўдыё)


Журналістам Belsat.eu трапіў аўдыёзапіс з сустрэчы кіраўнікоў Карэліцкага БРСМу з вучнямі СШ № 1 Карэлічаў. На аўдыё чуваць, як першы сакратар раённага камітэту БРСМу Яўген Пархамовіч і сакратар Карэліцкай райарганізацыі Кампартыі Беларусі Марыя Белянова распавядаюць навучэнцам пра перавагі ад сяброўства ў арганізацыі ды пра сустрэчу актывістаў з прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнка 29 кастрычніка.

Гэтак, Яўген Пархамовіч адзначыў, што ад усіх раёнаў на сустрэчу з кіраўніком дзяржавы ехала па адным чалавеку, але ад Карэліцкага раёну – два: ён, як першы сакратар, і настаўніца ангельскай мовы СШ №1 Настасся Літвін.

«Бо яна вучыцца ў Акадэміі прэзідэнта, яна ўступіла ў партыю, яна займаецца грамадскай працай. Таму з усіх раёнаў толькі Насцю нашу прапусцілі. Таму трэба займаць актыўную жыццёвую пазіцыю, і будзе такі гонар пачуць прэзідэнта», – патлумачыла Марыя Белянова.

Па словах Яўгена Пархамовіча, сама сустрэчы была арганізаваная на найвышэйшым узроўні.

Яўген Пархімовіч, фота polymia.by

«Асабліва было цікава слухаць прэзідэнта, калі ён казаў сваймі словамі. Цалкам вольна стасаваўся наўпрост з намі. Згадаў сваю бытнасць у камсамоле. Нават на месцы дастаў свой камсамольскі білет, падняў, паказаў. Расказаў, што працаваў сакратаром першаснай арганізацыі. (…) Аляксандр Рыгоравіч быў сакратаром першаснай арганізацыі ВЛКСМ на нейкім заводзе. Потым служыў ва Ўзброеных сілах Рэспублікі Беларусь, і там таксама займаўся дзейнасцю камсамолу», – распавёў першы сакратар.

Яўген Пархамовіч таксама расказаў пра пытанні, якія падымаліся на сустрэчы – запрашэнне на Новы год у Смаргонскі раён, развіццё будатрадаўскага руху, прадстаўнікі якога бралі ўдзел у тым ліку ў будаўніцтве Астравецкай АЭС.

«Традыцыі адраджаюцца. Гэта не проста кампанія людзей, якія ідуць будаваць. Гэта цэлае маленькае жыццё. Там свае традыцыі, свой план ідэалагічнай працы. Таму недарэмна Аляксандр Рыгоравіч звярнуў увагу на гэта і прапанаваў пашырыць спіс будаўнічых аб’ектаў», – сказаў Яўген Пархамовіч.

Ён настойліва рэкамендаваў прысутным у студэнцкія гады прабівацца любымі сіламі ў будаўнічыя і педагагічныя студэнцкія атрады, у дзіцячыя лагеры за мяжой. Паводле яго, там можна атрымаць неблагі заробак, задарма паглядзець свет, атрымаць новыя ўражанні і досвед.

Прыгадаў раённы кіраўнік БРСМ і прапанову «маладым сем’ям саджаць лес»: «сям’я ўтварылася і пасадзілі дрэва». Была падтрыманая ідэя, каб актывісты БРСМ добраўпарадкавалі спартыўныя пляцоўкі, тым больш, што выканкамы ўсіх узроўняў будуць вылучаць на гэта сродкі.

«У прэзідэнта ёсць такая энергетыка яскравая. Таму хочацца слухаць, і зарад бадзёрасці атрымалі ўсе прысутныя», – заключыў Яўген Пархамовіч.

Ён таксама распавёў, як напрыканцы сустрэчы чальцы БРСМу і Аляксандр Лукашэнка заспявалі разам песню, а на раялі граў сын прэзідэнта Мікалай Лукашэнка.

МГ, Belsat.eu

Стужка навінаў