Захапіць прэзідэнта

Алмазбек Атамбаеў першы з трох прэзідэнтаў Кыргызстана (не лічачы в.а. прэзідэнта Розы Атумбаевай), якога не зрынулі ў выніку рэвалюцыі і якога могуць пасадзіць за злоўжыванні ўладай і карупцыю ў перыяд яго прэзідэнцтва. Двое іншых Аскар Акаеў і Курманбек Бакіеў здолелі збегчы з краіны, пазбегнуўшы такой долі.

Грамадства Кыргызстана, палітычныя эліты краіны, нягледзячы на ​​ланцуг трагічных падзей, якія адбыліся менш чым за 15 гадоў, так і не змаглі сфармаваць паўнавартасныя дэмакратычныя інстытуты. У грамадстве пастаянна адбываецца барацьба паміж кволым дэмакратызмам і аўтарытарызмам. Прычым гэты аўтарытарызм самы прымітыўны, ён засяроджаны выключна на узбагачэнні тых, хто прыйшоў да ўлады. Прага нажыцца дзякуючы высокім пасадам прымушала і прымушае мясцовых палітыкаў маніпуляваць канстытуцыяй, законамі, палітычнымі інстытутамі. Бо толькі так можна захаваць доступ да грошай і да ўлады. Так было з Акаевым і Бакіевым, тым жа шляхам ішоў Атамбаеў.

Абноўлена
Былы прэзідэнт Кыргызстану Атамбаеў здаўся ўладам
2019.08.08 09:13

Цягам 6-гадовага тэрміну Атамбаеў паспрабаваў зачысціць палітычную прастору, падпарадкаваць асноўныя інстытуты дзяржаўнага кіравання, умацаваць свае пазіцыі за кошт апірышча на асабіста адданых яму людзей. Сваіх кіроўцаў і целаахоўнікаў ён рабіў высокапастаўленымі чыноўнікамі і бізнесмэнамі. Нягледзячы на ​​тое, што Атамбаеў не змог (не наважыўся) падоўжыць свае прэзідэнцкія паўнамоцтвы, ён зрабіў усё, каб захаваць свае пазіцыі і ўплыў у палітыцы. Ключавым інструментам, які павінен быў забяспечваць устойлівасць створанай сістэмы, павінен быў стаць пераемнік Атамбаева Сааранбай Жэенбекаў.

Іншымі механізмамі, праз якія захоўваўся ўплыў Атамбаева, павінны былі стаць Сацыял-дэмакратычная партыя і маніпуляцыі з канстытуцыяй. Яшчэ ў 2016 годзе Алмазбек Атамбаеў ініцыяваў рэферэндум па змене галоўнага закона краіны. Унесеныя папраўкі спрыялі далейшаму ўзмацненню пазіцый і ролі прэм’ер-міністра і Жагорку Кенеша (парламента). Варта звярнуць увагу на тое, што ў 2010 годзе была прынятая новая канстытуцыя, у адпаведнасці з якой Кыргызстан станавіўся парламенцка-прэзідэнцкай рэспублікай. Ключавыя палітычныя функцыі былі сканцэнтраваныя ў руках парламенцкай большасці, прэм’ер-міністра і ўрада, якія фармаваліся і кантраляваліся парламентам. Відавочна, што Атамбаеў і разлічваў вярнуцца ў вялікую палітыку праз парламент, заняўшы які-небудзь ключавой пост (магчыма прэм’ер-міністра) і такім чынам вярнуць сабе ўсю паўнату ўлады.

Парламенцкія выбары павінны адбыцца ў 2020 годзе, чакалася, што большасць (а значыць і права фармаваць урад) будзе ў руках Сацыял-дэмакратычнай партыі Кыргызстана, якой да апошняга часу кіраваў Атамбаеў.

Такім чынам, у Кыргызстане павінен быў быць рэалізаваны «расейскі сцэнар», але атрымаўся «армянскі».

Па ўсёй бачнасці Атамбаеў не прыняў у разлік толькі аднаго: ва ўмовах пераразмеркавання уладна-эканамічных рэсурсаў важна не фармальны (ценявы) ўплыў, а наяўнасць рэальных палітычных рычагоў кіравання, якіх у былога прэзідэнта не было. Перш за ўсё ён разлічваў на лаяльнасць і адданасць свайго стаўленіка (можна выказаць здагадку пра наяўнасць кампрамату на Жэенбекава), які быў абавязаны Атамбаеву сваёй палітычнай кар’ерай, але ён памыліўся. Атамбаеў праігнараваў той факт (уласны вопыт), што ўлада мяняе і разбэшчвае людзей: новы прэзідэнт адмовіўся быць проста марыянеткай у руках былога прэзідэнта, падрыхтоўваць яго вяртанне ва ўладу, маючы магчымасць уладарыць самому. Праз паўгода пасля ўступлення на пасаду Жэенбекаў прыступіў да кадравых чыстак, выдаліўшы з ключавых пастоў (кіраўніцтва сілавых ведамстваў) людзей Атамбаева, пасля чаго прыступіў да барацьбы за СДПК, што прывяло да яе расколу.

Дзеянні новага прэзідэнта і актыўны супраціў старога сталі прычынай адкрытай палітычнай канфрантацыі ў 2018 годзе, якая выяўлялася ў барацьбе кампраматаў, ва ўзаемных абвінавачваннях у карупцыі і парушэнні закону. Відавочна, што новаму прэзідэнту (новай кіруючай групе) не атрымалася цалкам перахапіць палітычную ініцыятыву, пасля чаго ў дзеянне ўступілі праваахоўныя органы.

Усё ў тым жа 2018 годзе ў парламенце пачалася праца над законам па зняцці недатыкальнасці з экс-прэзідэнтаў і магчымасці ўзбуджаць супраць іх крымінальныя справы. Неўзабаве пачаліся затрыманні блізкіх да Атамбаева чыноўнікаў па абвінавачванні ў карупцыі і злоўжывання ўладай. Гэта павінна было стаць прамым сігналам для Атамбаева, які павінен быў пасля гэтага калі не з’ехаць з краіны куды-небудзь (напрыклад у Менск), то па меншай меры сысці з палітыкі. Але былы прэзідэнт, верагодна, не мог змірыцца з вераломнасцю свайго пераемніка, з тым, што пладамі ягоных хітрых схемаў будуць карыстацца іншыя і вырашыў абараняць свае пазіцыі нават са зброяй у руках.

Падзеі апошніх дзён: 5 крымінальных абвінавачванняў з боку пракуратуры на адрас Атамбаева, зняцце недатыкальнасці з экс-прэзідэнта і штурм яго дома – не з’яўляюцца барацьбой законнасці і правасуддзя супраць злачынстваў, а працягам барацьбы за палітычную ўладу.

Пераслед Атамбаева, хоць і мае ўсе прававыя падставы, тым не менш, наўрад ці будзе служыць ачышчэнню палітычнай сістэмы, яе дэмакратызацыі і ўзмацненню законнасці ў краіне.

Меркаванні
Сыходзячы – сыходзь, або Яшчэ адзін урок для аўтарытарных кіраўнікоў
2019.08.08 13:14

Павел Усаў/АА belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў