«Захад-2017», Украіна, санкцыі. Пра што могуць гаварыць Лукашэнка і Пуцін на закрытай сустрэчы


Сёння Лукашэнка выправіўся з двухдзённым працоўным візітам у Расею, дзе прыме ўдзел у пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савету (ВДС) Саюзнай дзяржавы і чацвёртым Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расеі. Бакі абмяркуюць вынікі гандлёва-эканамічнай супрацы Беларусі і Расеі за 2016 год, а таксама нарошчванне супрацы ў машынабудаўнічым сектары і аграпрамысловым комплексе.

«У парадку прыкладна дзевяць пытанняў, але тры ключавых найбольш адчувальныя для нас», – анансаваў першы віцэ-прэмʼер урада Беларусі Васіль Мацюшэўскі.

Эканоміка на парадку дня Вышэйшага дзяржсавету

Афіцыйны Менск, безумоўна, затурбаваны эпізадычнай забаронай паставак беларускай харчовай прадукцыі ў Расею Рассельгаснаглядам. Хоць напружанне «харчовай вайны» і спала, аднак яна далёкая ад завяршэння.

Ізноў усплыла на паверхню старая ідэя пра стварэнне холдынгаў беларускіх і расейскіх прадпрыемстваў. Да канца года бакі павінны прапанаваць па тры інтэграцыйных праекты ў сферы нафтахіміі і машынабудавання. Амбасадар Расеі ў Менску Аляксандр Сурыкаў не выключае, што бакі вернуцца да ранейшых інтэграцыйных праектаў: стварэння холдынгу «Расбелаўта» на базе МАЗа і КамАЗа; інтэграцыі беларускіх «Інтэграла» і Менскага заводу колавых цягачоў (МЗКЦ) са структурамі дзяржкарпарацыі «Растэх»; «Пеленга» з Раскосмасам, а таксама «Гродна Азота» з «Еўрахімам» або «Газпромам». Пра неактуальнасць праекту МАЗ–КамАЗ заяўлялі і расейскія чыноўнікі, і Аляксандр Лукашэнка.

Безумоўна, Беларусь працягвае лабіраваць вырашэнне пытання абмежаванняў у межах Еўразійскага эканамічнага саюзу. Галоўная мэта – пабудова адзінага рынку газу і нафты. Так мяркуе аналітык варшаўскага даследчага цэнтру Eurasian States in Transition (EAST) Андрэй Елісееў.

Эксперт аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Валер Карбалевіч лічыць, што гэтым разам Вышэйшы дзяржсавет будзе абмяркоўваць «руцінныя задачы і праблемы».

Трывожны званочак

Учора міністр энергетыкі РФ Аляксандр Новак заявіў, што Расея паставіць у Беларусь у трэцім квартале бягучага года 4,5 млн. т нафты замест абяцаных 7 млн т. А сёння прыйшла навіна, што Еўразійскі банк развіцця даў Беларусі чацвёрты транш крэдыту Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця (ЕФСР) у абʼёме 300 мільёнаў долараў. Палітыка Масквы не мяняецца – бізуном і пернікам.

– Відавочна, па выніках папярэдняй сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна існавалі нейкія дамоўленасці, якія Беларусь не выканала, з-за чаго Расея і абрэзала пастаўкі нафты. Якія канкрэтна дамоўленасці? Магчыма, парушаны графік стварэння холдынгаў, магчыма, не выкананыя дамоўленасці ў ваеннай сферы. Хоць пытанне пра ваенную базу прама і не гучала па выніках папярэдняй сустрэчы, аднак гучала фармулёўка: «у ходзе сустрэчы былі абмеркаваныя пытанні больш глыбокай кааперацыі ў ваеннай сферы». Хутчэй за ўсё, Беларусь не выканала некія абяцанні, – мяркуе Андрэй Елісееў.

Аналітык лічыць, што ў двухбаковых стасунках зноў прагучаў «трывожны званочак».

– Можна толькі здагадвацца, што пайшло не так. Але на фоне атрымання чарговага траншу крэдыту ЕАБР стасункі сёння выглядаюць не настолькі напружанымі, як раней.

Валер Карбалевіч больш стрыманы ў каментарах. На ягоную думку, змяншэнне паставак нафты можа быць звязанае з тым, што беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы пачалі мадэрнізацыю. А калі так, то палітычная падаплёка тут адсутнічае.

Выдзяленне чарговага траншу ЕФСР адбылося па плану, хаця Менск і не выканаў адно з патрабаванняў.

– Я не бачу такіх вялікіх палітычных супярэчнасцяў, якія б патрабавалі вырашэння на ўзроўні прэзідэнтаў. А канфлікты супярэчнасці закладзены ў самой матрыцы беларуска-расейскіх дачыненняў. Калі няма зразумелых рынкавых правілаў, не дзейнічаюць прававыя нормы, тады палітычная лаяльнасць абменьваецца на эканамічныя даброты, – кажа Валер Карбалевіч.

Што застаецца за кадрам?

Калі эканоміка стане цэнтральнай тэмай Вышэйшага дзяржсавета «саюзнай дзяржавы», то якія пытанні могуць абмяркоўваць Лукашэнка і Пуцін за зачыненымі дзвярыма?

– Парадак дня ў двухбаковых стасунках добра вядомы. У верасні чакаюцца сумесныя ваенныя вучэнні «Захад-2017», таму праблемы ваеннай супрацы ў любым выпадку будуць падымацца. Праўда, няма яснасці, ці будзе Крэмль настойліва прабіваць ваенную базу ў Беларусі. Відавочна, два кіраўнікі закрануць праблему ўзаемаадносін з Украінай, асабліва напярэдадні візіту Лукашэнкі ў Кіеў. Безумоўна, Масква паставіць пытанне пра антызаходнія санкцыі і спыненне транзіту санкцыйных тавараў праз тэрыторыю Беларусі. Кантроль на беларуска-расейскай мяжы таксама з’яўляецца адной з цэнтральных тэмаў перамоў. Гэтыя праблемы не афішуюцца бакамі, пра перамовы мы амаль нічога не ведаем, але іхняга абмеркавання ў часе двухбаковай сустрэчы кіраўнікоў Беларусі і Расеі наўрад ці ўдасца пазбегнуць, – рэзюмаваў Андрэй Елісееў.

Валер Карбалевіч мяркуе, што пытанне з расейскай ваеннай базай на Беларусі пакуль не стаіць на парадку дня.

– Калі б Масква настойвала на стварэнні ваеннай базы ў Беларусі, то гэтую праблему можна было ўвязаць з нафтагазавымі пытаннямі. Але ў Санкт-Пецярбургу нафтагазавую спрэчку вырашылі, ва ўсякім разе – пакуль, таму сёння Расеі няма чым «шантажаваць» Беларусь, няма рычагоў ціску, – мяркуе эксперт.

«Захад-2017» разбурае канцэпт пра міратворчасць Менску

Афіцыйны Менск вельмі затурбаваны ваеннымі вучэннямі «Захад-2017», прынамсі – піяраўскім складнікам.

– Вайсковыя вучэнні вельмі непрыемныя для Менска, бо разбураюць знешнепалітычную канцэпцыю, якую беларускі МЗС пачаў рэалізоўваць пасля Крыму: Беларусь міратворчая, донар бяспекі ў рэгіёне. А сумесныя ваенныя вучэнні з краінай, якая лічыцца ў рэгіёне агрэсарам, разбурае створаны канцэпт. Таму беларускі бок імкнецца змікшыраваць праблему. Па ёй магчымая дыскусія паміж Лукашэнкам і Пуціным, як у піяраўскім сэнсе для вонкавага свету прэзентаваць вучэнні «Захад-2017». Рыторыка расейская боку больш жорсткая, Менску – больш мяккая – трэба вызначыць агульную стратэгію паводзінаў, – адзначае Валер Карбалевіч.

Апрача таго, Мінабароны Беларусі падпісала кантракт на закупку 12 расейскіх знішчальнікаў. Самалёты будуць пастаўляцца ў крэдыт, і магчыма, што Лукашэнка будзе прасіць зніжку, льготныя ўмовы паставак знішчальнікаў.

 

Юрась Дубіна, Белсат

Стужка навінаў