Падраздзяленне базавалася ў Буратыі. Там жа, у горадзе Улан-Удэ, Бекіш і пражываў. Дарэчы, менавіта 5-я АТБр, складзеная пераважна з «баявых буратаў» стала вядомай пасля баёў пад Дэбальцава ў лютым мінулага году.
Перад Сірыяй ягонае падраздзяленне засвяцілася пад Дэбальцава на Данбасе.
Паведамленне аб пахаванні расейскага вайскоўца з Горадні, які нібыта загінуў у Сірыі, абляцела ў мінулую пятніцу амаль усе беларускія інфармацыйныя рэсурсы. «Белсату» ўдалося даведацца дзе ўсё служыў Уладзімір Бекіш і пры якіх абставінах ён загінуў.
Па-першае, Уладзімір Бекіш не быў пілотам, як гэта сцвярджалася на пачатку. Гарадзенец апынуўся падпалкоўнікам сухапутных войскаў РФ, ягоная спецыяльнасць – вайсковая выведка. На пачатку 2016-га, паводле інфармацыі з ягонага профілю ў сацыяльных сетках, Бекіш быў камандзірам выведроты 5-й Асобнай танкавай брыгады (АТБр), вайсковая частка 46108.[/vc_column_text]
Падраздзяленне базавалася ў Буратыі. Там жа, у горадзе Улан-Удэ, Бекіш і пражываў. Дарэчы, менавіта 5-я АТБр, складзеная пераважна з «баявых буратаў» стала вядомай пасля баёў пад Дэбальцава ў лютым мінулага году.
Памятаеце відэа і фота з абгарэлым ушчэнт расейцам у апёкавым цэнтры ў Данецку (жаўнера наведаў Іосіф Кабзон)? Гэты бурат быў байцом брыгады, у якой служыў Бекіш.
Тады, пад Дэбальцава, спецназ баевікоў ДНР замкнуў выхад з гораду для вялікай колькасці ўкраінскіх вайскоўцаў. Калі тыя пачалі прарывацца з атачэння – пачалася сапраўдная «мясарубка», у якой сярод іншых загінуў і намеснік камандуючага сіламі АТА. На ўтрыманне пазіцыяў на дапамогу баевікам Расея скіравала танкавы батальён 5-й АТБр, які на той момант ужо некалькі дзён як знаходзіўся на Данеччыне.
Ці быў там Бекіш? Дакладна невядома, але, улічваючы пасаду і вайсковую спецыяльнасць, – вельмі імаверна. Карціну дапаўняюць антыўкраінскія пасты ў ягоным профілі ў «Аднакласніках». Пад адным з фотаздымкаў – подпіс: «Калі лічыш, што трэба ісці на Кіеў, каб «вызваліць краіну ад злачыннай бандэраўскай улады» – стаў «лайк». Бекіш карцінку ўпадабаў, хоць да Кіева так і не дайшоў.
Што наконт Сірыі? У снежні 2015 году медыі ўжо паведамлялі пра знішчэнне там курдскімі вайскоўцамі беларуса Дзяніса Васільева, які меў аўстрыйскае грамадзянства і ваяваў на баку Ісламскай Дзяржавы. Калі меркаванне пра смерць Бекіша ў Сірыі пацвердзіцца, гэта будзе ўжо другі вядомы выпадак гібелі беларуса на гэтай вайне.
«Калі падпалкоўнік Бекіш загінуў менавіта ў Сірыі – гэта стае 100 %-ым доказам удзелу сухапутнага кантынгенту РФ у вайне на баку Асада», – тлумачыць прадстаўнік ініцыятывы «InformNapalm» Дзяніс Івашын.
За ўвесь гэты час Расея прызнала выкарыстанне ў Сірыі выключна авіяцыі, якая здзяйсняла ўдары па праціўніках Асада ды па мірным насельніцтве. Удзел сваіх сухапутных частак Расея ўвесь час зняпраўджвала.
Паводле Івашына, ад пачатку расейскай інтэрвенцыі ў Сірыю ў верасні 2015-га праз маніторынг ды аналіз толькі адкрытых крыніцаў было выяўлена 16 сухапутных падраздзяленняў з розных акругаў РФ. Прыблізна ў красавіку 2016-га туды ж былі перакінутыя і вайскоўцы 7-й Асобнай танкавай брыгады Цэнтральнай вайсковай акругі з гораду Чэбаркуль, якія дагэтуль прымалі актыўны ўдзел у вайне на Данбасе. Нагадаем таксама, што яшчэ ў сакавіку Мінабароны РФ заяўляла пра вывядзенне вывад сваіх вайскоўцаў з Сірыі.
«Цалкам магчыма, што для ўзмацнення вайсковых злучэнняў, якія ваююць на баку Асада, былі прыцягнутыя і вайскоўцы 5-й АТБр разам з выведротаю падпалкоўніка Бекіша. Улічваючы, што гэтая брыгада, як і 7-я АТБр, мае значны баявы досвед з украінскай кампаніі – у прыватнасці у баях пад Дэбальцава, – гэтая версія набывае значнае падмацаванне», – кажа Івашын.
Дзе і пры якіх абставінах мог загінуць Бекіш у Сірыі? На могілках у Аўльсе, дзе быў пахаваны падпалкоўнік, нам сустрэўся рабочы, які нібыта прысутнічаў на пахаванні ды паслухаў размовы прысутных. З яго словаў вайсковец стаў ахвярай партызанаў, якія напалі на ягоны КПП. Праверыць такую інфармацыю, само сабой, цяжка.
Куды больш верагодна, што Бекіш мог быць забіты падчас нядаўняга няўдалага наступу войскаў Асада і ягоных саюзнікаў на напрамку Ітрыя–ар-Рака. Ісламскія сайты падаюць пры гэтым, што маюцца ахвяры менавіта сярод «рускіх кафіраў» («няверных»). У якасці доказу ісламісты прыводзяць здымкі спаленай расейскай тэхнікі ды фота з тэлефону аднаго з забітых. Згодна шыльдачцы на магіле, Бекіш загінуў 19 чэрвеня. Паводле сайту «КаўказЦэнтр», найбольш зацятыя баі пад ар-Ракай прайшлі 20-га.
Пра камандзіроўку Бекіша ў Сірыю, куды той паехаў тры тыдні таму, на сайце «Хартыі-97» у каментарах напісала нейкая спадарыня Людміла. Калі ўлічыць, што на свой профіль у «Аднакласніках» падпалкоўнік апошні раз заходзіў 19 траўня – роўна за месяц да гібелі, імаверна, перад самым выездам у краіну прызначэння, – усё сходзіцца.
Некалькі словаў варта сказаць і пра ўзнагароды Бекіша. Пра некаторыя з іх мы можам меркаваць па фотаздымку з жалобнай працэсіі, якую вайскоўцы (спачатку расейскія, а пасля і беларусы) не далі зняць фотакарэспандэнтам.
Падпалкоўнік быў узнагароджаны медалямі «За адзнаку ў вайсковай службе», медалём Суворава ды «За адвагу». Апошняя ўзнагарода – адназначна баявая. Медаль Расейскага міністэрства абароны «Удзельніку вайсковай аперацыі ў Сірыі» афіцэр, гледзячы па ўсім, так і не паспеў атрымаць: камандзіроўка нечакана абарвалася.
У гісторыі з Бекішам пакуль больш пытанняў, чым адказаў.
АК, belsat.eu