Заганяла на выбары і заклікала асуджаць калегаў. Чым запомнілася студэнтам Вольга Чупрыс?


5 снежня намесніцаю старшыні Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі прызначылі прарэктарку БДУ Вольгу Чупрыс. Што памятаюць пры чыноўніцу колішнія студэнты?

З афіцыйнай біяграфіі пра Вольгу Чупрыс вядомыя толькі сухія факты. Нарадзілася ў 1969 годзе. З 1997 года працавала ў БДУ на розных пасадах. З 2018 года – прарэктар БДУ па вучэбнай працы і адукацыйных інавацыях. У 2010 годзе абараніла доктарскую дысертацыю. У 2016 годзе прысвоена вучонае званне прафесара.

Вольга Чупрыс.
Фота: bsu.by

«Я ўсё не магла зразумець, як ёй не сорамна»

Але ўспаміны студэнтаў дадаюць да яе біяграфіі больш фарбаў. Гэтак, былая выпускніца юрыдычнага факультэту Вікторыя Канапацкая ўзгадала ў размове з belsat.eu падзеі прэзідэнцкіх выбараў 2006 году. Тады будучая намесніца старшыні Адміністрацыі прэзідэнта працавала намесніцай дэкана юрфаку па выхаваўчай працы, была кандыдаткай юрыдычных навук і дацэнтам кафедры канстытуцыйнага і адміністрацыйнага права. Але гэта не перашкодзіла ёй заганяць жыхароў студэнцкага інтэрнату (на яго месцы зараз гандлёвы цэнтр «Galleria Minsk») на датэрміновае галасаванне.

«Я ўсё не магла зразумець, як ёй не сорамна. Спачатку расказвалі нам пра канстытуцыйнасць, правы і прынцыпы, потым з ашалелымі вачыма пераконвалі да датэрміновага галасавання. Раней паедзеце сабе дахаты, класна, праўда? І толькі не дадумайцеся хадзіць на ніякую плошчу! Я не галасавала датэрмінова. У акадэміку [інтэрнаце. – Рэд. Belsat.eu] на тыя выходныя заставалася 20-30 беларусаў і кітайцы, а ўвогуле жыло каля 1000. І ў гэтых людзей, хто не галасаваў датэрмінова, потым былі праблемы, каб засяліцца на будучы год», – кажа суразмоўца.

Адміністрацыя прэзідэнта Беларусі. Фота Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Выкладала «дзіўны прадмет»

Узгадвае пра 2006 год і іншы выпускнік юрфаку Сяргей Кастрама. Паводле яго, Чупрыс тады выкладала «дзіўны прадмет» – «Адміністратыўнае права», які «можна сёння прачытаць у інтэрнэце за пару гадзін» і які распавядае пра працу дзяржаўнай машыны Беларусі.

Таксама ў канцы красавіка Чупрыс, якая не выкладала ў групе суразмоўцы, прымусіла ўсіх сабрацца на размову. Падчас яе намесніца дэкана распавяла, што аднаго са студэнтаў затрымала ДАІ за тое, што ён кіраваў аўтамабілем без пасведчання кіроўцы. Яна запатрабавала ад аднагрупнікаў калектыўна асудзіць такія паводзіны свайго калегі.

«Я сказаў, што я асабіста, як частка калектыву, асуджаць такія паводзіны не збіраюся, устаў і выйшаў і аўдыторыі. Мне здаецца, амаль адразу скончылася і ўсё асуджэнне», – адзначыў Кастрама.

На афіцыйным сайце БДУ з нагоды новай працы Вольгі Чупрыс у якасці намесніцы кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта адзначаецца, што «гэта прызначэнне з’яўляецца сведчаннем высокага даверу і прызнання высокапрафесійных якасцяў і кіраўніцкага вопыту, адказнага стаўлення да выканання пастаўленых мэтаў». У БДУ ўпэўненыя, што ейныя «дзелавыя і асабістыя якасці, арганізатарскі талент, мэтанакіраванасць будуць ёй садзейнічаць у рэалізацыі ўсіх прафесійных планаў, знаходжанні эфектыўных шляхоў вырашэння задач на карысць Беларусі і БДУ».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў