Загадчыца заслаўскай паліклінікі: за дзень – па 16 выпадкаў каронавіруса


скрын

У сярэдзіне чэрвеня на belsat.eu выйшаў матэрыял пра тое, як у Заслаўі змагаюцца з каронавіруснай інфекцыяй. Звычайна дактары адмаўляюцца ад каментароў або не бяруць слухаўкі. Гэтым разам да нас звярнулася загадчыца гарадской паліклінікі Людміла Малышава, якая адказала на закіды пацыентаў і распавяла, у якіх умовах цяпер працуюць медыкі.

17 чэрвеня выйшаў артыкул «Заслаўе палае, тут усе такія. Мужчына 10 дзён даводзіў дактарам, што мае каронавірус». Сужэнства Яўгенія і Барыс скардзілася на неадпаведныя ўмовы абслугоўвання ў паліклініцы і на тое, што ім адмаўлялі ў тэсце на COVID-19. Мужчыну не задавальняла, што нягледзячы на пацверджаны каронавірус, у выпісцы яму напісалі «неўдакладнены каронавірус і пнеўманія».

Загадчыца гарадской паліклінікі Людміла Малышава звярнулася да журналістаў «Белсату», каб давесці сваю пазіцыю:

«Неўдакладнены каронавірус – гэта кадаванне міжнароднай класіфікацыі хваробаў. Гэта не значыць, што вірус непацверджаны. Гэта значыць, не ўстаноўлена, які орган паражоны – насаглотка, лёгкія, кішачнік. Такія пацыенты залічваюцца ў статыстыку хворых на каронавірус».

Лекарка папрасіла звярнуць увагу на тое, у якіх варунках працуюць дактары. Большасць медыкаў хварэе. Цяпер у паліклініцы працуюць два дактары, якія прымаюць пацыентаў літаральна з раніцы да ночы:

«Гэты каронавірус… Дактары ездзяць у гэтых дзяўбаных спецкасцюмах з раніцы да вечара. Душа баліць. Кожны пацыент хоча, каб яго у першую чаргу абслужылі. Яны гэтак і кажуць: вы для нас або мы для вас? У законе напісана: «клапаціцца пра сваё здароўе». Таму вы ўсё ж такі для сябе».

Людміла Малышава адзначыла, што дзесяць гадзінаў у чарзе да доктара ніхто не чакае.

«Ніхто ж не просіць прыходзіць да 8-й раніцы. Мы працуем з 8 раніцы да 8 вечара. Усё для іх зрабілі: і лаўку, і альтанку, біятуалет паставілі».

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Адказала спадарыня Людміла і на закіды, што пацыентам адмаўляюць у тэстах.

«Ёсць загад Міністэрства аховы здароўя: рабіць тэсты таму, каму гэта паказана. Гэта кантакты, пнеўманіі і верагодны выпадак каронавіруса. У гэтых пацыентаў не было праявы. Як толькі ім паставілі пнеўманію, адразу зрабілі тэсты. Мы не працуем так, што нам захацелася ў кагосьці ўзяць, а ў кагосьці не ўзяць. Усё дакладна распісана».

Паводле загадчыцы паліклінікі, тэсты на COVID-19 не губляюцца, як распавядалі нам героі папярэдняга артыкулу:

«Усё прыходзіць. У дзвюх копіях. Адна ўклейваецца ў амбулаторную карту, а другая – у табліцу для нас. Раней была затрымка з тэстамі, чакалі па 5–6 дзён. Цяпер прыходзяць хутка. Раней іх рабілі ў Абласным цэнтры гігіены. Цяпер – у Рэспубліканскім цэнтры эпідэміялогіі. Усе працуюць кругласутачна. У нас за дзень 16 новых выпадкаў. У нас процьма менчукоў, якія прыязджаюць на дачу, бо ім у горадзе ў кватэры сядзець не хочацца».

Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

Спадарыня Яўгенія, нашая суразмоўца з Заслаўя, 29 чэрвеня выйшла на працу. Цяпер, кажа яна, да медыкаў у яе няма прэтэнзіяў:

«Пасля таго, як выйшаў артыкул, яны пачалі лячыць так, як павінны былі лячыць ад пачатку. Калі яны лічаць, што я кажу няпраўду, хай скажуць, дзе. Я кожны іх крок магу пацвердзіць карткай маіх прыёмаў. Але картка – у іх, яны маглі падрабіць запісы. І зноў жа, чаму ў мяне ў лістку непрацаздольнасці стаіць бранхіт і вострая рэспіраторная інфекцыя, калі КТ паказала двухбаковую фіброзную пнеўманію?!»

Найбольш Яўгенія перажывае за мужа, бо ён дасюль не выздаравеў.

«Ён рвецца працаваць, бо не будзеш сядзець без грошай, а сіл у яго, ён сам кажа, няшмат. Галоўнае, каб тэрапеўт адправіла яго на КТ праз 2 месяцы, як абяцала».

Згодна з афіцыйнымі звесткамі, на дзень 29 чэрвеня ў Беларусі каронавірус выяўлены амаль у 62 тысячаў чалавек. Міністэрства аховы здароўя заяўляе, што каронавірус «адступае».

Калі вы працуеце ў сферы аховы здароўя і хочаце падзяліцца сваёй гісторыяй з нашым тэлеканалам – дасылайце паведамленні на электронны адрас belsat.eu@gmail.com або праз сацсеткі.

Чытайце таксама:

Дар’я Курачкіна belsat.eu

Стужка навінаў