Забойцу міліцыянта пад Івацэвічамі прызналі псіхічна хворым


Следчы камітэт завершыў расследаванне крымінальнае справы забойства аднаго міліцыянта і замах на забойства другога ў Івацэвіцкім раёне. Лекары ўсталявалі, што ў абвінавачанага – псіхічнае расстройства.

Упраўленне Следчага камітэту па Берасцейшчыне паведамляе пра завяршэнне расследаванне аб забойстве і замах на забойства, якое адбылося 17 жніўня ў вёсцы Бабровічы. Мясцовы жыхар, 1961 года нараджэння, адкрыў агонь па ўчастковых, якія ладзілі планавую праверку парадку захоўвання зброі.

У выніку – адзін міліцыянт загінуў, другі – атрымаў раненне.

Гільзы на месцы здарэння. Матэрыялы УСК па Берасцейскай вобласці

Мужчына меў паляўнічую ліцэнзію з 1987 года і дазвол на захоўванне і нашэнне агнястрэльнай зброі.

Судовая псіхолага-псіхіятрычная экспертыза ўсталявала, што на момант здарэння абвінавачаны пакутаваў (і пакутуе цяпер) на псіхічнае расстройства. У сувязі з гэтым канчатковае абвінавачанне мужчыну не выстаўлялася.

«У перыяд расследавання крымінальнай справы ў сродках масавай інфармацыі неаднаразова з’яўляліся розныя чуткі з нагоды браканьерства міліцыянта і нібыта «цкавання» абвінавачанага супрацоўнікамі. Падчас расследавання крымінальнай справы гэтая інфармацыю старанна спраўдзілі, аднак свайго аб’ектыўнага пацверджання яна не знайшла», – паведаміў афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэту па Берасцейшчыне Дзмітрый Іванюк.

Зараз суд павінен вырашыць пытанне аб ужыванні да абвінавачанага прымусовых мераў бяспекі і лячэння.

З аналізу адкрытых крыніцаў вынікае, што забойства міліцыянта пад Івацэвічам – другое за апошнія 10 гадоў у Беларусі. Мінулы трагічны выпадак адбыўся 7 студзеня 2013 года, калі на вуліцы Машыністаў у Менску застрэлілі 37-гадовага прапаршчыка міліцыі Ігара Іванчыка. Нападнік скончыў жыццё самагубствам, стрэліўшы сабе ў галаву.

ДД

Стужка навінаў