У Беларусі на 5 траўня зафіксавана 18350 чалавек, у якіх выяўлены каронавірус. Адпаведныя лічбы замест Міністэрства аховы здароўя назваў Аляксандр Лукашэнка.
За содні колькасць інфікаваных вырасла на 861 выпадак. Агулам у Беларусі выяўлена 18 350 чалавек з COVID-19, паведамляе БелТА.
«Гэта толькі 8,7% ад усіх тэставаных. Тэставанняў у нас на раніцу было 211 369 за два з паловай месяцы», – распавёў кіраўнік Беларусі.
Колькасць памерлых ён не назваў.
Лукашэнка таксама заявіў, што Беларусь зараз на другім месцы ў свеце паводле колькасці тэстаў – 22,5 тыс. на 1 млн насельніцтва. На першым месцы Расея з 29,5 тыс. тэстаў на 1 млн жыхароў, на трэцім – ЗША з 22 тыс. на 1 млн.
Паводле яго, аб’ём тэстаў у Беларусі дазваляе выяўляць дастатковую колькасць людзей, якія заразіліся каронавірусам. Пры гэтым кіраўнік краіны заўважыў, што «тэставанне – гэта не галоўнае, тым больш што яно часам не дакладнае, асабліва ў пачатку пандэміі». Найважнейшае пытанне, падкрэсліў ён, гэта лекаванне хворых на пнеўманію.
МГ belsat.eu