«За размовы пра вірус можна трапіць у ШІЗА». Што адбываецца ў Бабруйскай калоніі


У Бабруйскай папраўчай калоніі № 2 – выбух каронавіруса. Атрад закрылі на каранцін, забароненыя спатканні, а за распаўсюд інфармацыі пра хворых вязняў чакаюць пакаранні ад адміністрацыі.

Інфармацыю збіраюць па крупінках

Аб тым, што ў Бабруйскай ПК №2 з’явіўся каронавірус, сваякі асуджаных даведаліся ў 20-х чыслах траўня і ледзь выпадкова. Жонка аднаго з асуджаных прыгадвае, што першыя падазрэнні пачаліся, калі ў суполцы калоніі «Вконтакте» пачалі пісаць аб адсутнасці званкоў ад сваякоў і агульных падазрэннях.

турма, краты
Ілюстрацыйны здымак

«Калі мне патэлефанаваў муж, то я не стала чакаць, пакуль ён нешта скажа. Але ў люб заявіла, што ўсё ведаю пра інфекцыю. Ён проста пацвердзіў мае апасенні», – гаворыць жанчына.

Яна кажа, што падрабязнасцяў ніхто не ведае.

«Гаварыць аб гэтым забаронена, можна патрапіць у ШЫЗА. Інфармацыю складаем з розных паведамленняў у суполцы «Вконтакте» і Viber», – кажа яна.

Гэтую інфармацыю пацвярджае і былы палітвязень Дзмітрый Паліенка. Ён 2 гады адсядзеў у Бабруйскай калоніі, і зараз падтрымлівае сувязі з некаторымі вязнямі. Ён кажа, што вязні ў калоніі запалоханыя.

Зміцер Паліенка.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

«Усю інфармацыю сваякам пра каронавірус яны гавораць толькі па тэлефоне. Нават падчас спатканняў праз Skype сказаць нічога не могуць, бо за імі сочыць адміністрацыя», – наракае ён.

Паводле крыніцы «Белсату», два атрады, самыя аддаленыя, расфармавалі і выкарыстоўваюць як каранцінныя. Гэта значыць, што людзі там не працуюць, а проста сядзяць па бараках. Туды пераводзяць не толькі хворых, але і так званыя кантакты 1-га і 2-га ўзроўню.

Вірус прынёс медпрацаўнік

Сваякі асуджаных кажуць, што вірус прынеслі медпрацаўнікі. Аднак агульнай карціны вязні не ведаюць. Адміністрацыя не дае аніякай інфармацыі, што толькі параджае новыя плёткі. У тым ліку аб смерці. Але жонка вязня мяркуе, што гэта няпраўда.

«Калі б сваякі даведаліся, што з іхнымі блізкімі нешта такое адбылося, то аніхто не стаў бы маўчаць!» – упэўненая яна.

Дзмітрый Паліенка кажа, што ў калоніі шмат хварэюць на пнеўманію. Аднак нават невядома, ці робяць камусьці тэсты. Матулям, якія тэлефануюць у калонію, каб даведацца, што адбываецца з іхнымі дзецьмі, адказваюць: «Усё добра».

Прыёмнае аддзяленне адной са сталічных медустановаў.
Фота: «Белсат»

Дзмітрый Паліенка кажа, што зараз у калоніі, апроч каранціннага атраду, робяць дэзынфекцыі і прыборкі. Вязні шыюць маскі і абаронныя касцюмы.

«Дзяржава хавае любую інфармацыю аб COVID-19 у калоніях»

Сусветная арганізацыя аховы здароўя раней заяўляла, што людзі, якія знаходзяцца ў вязніцах, найбольш уразлівыя перад COVID-19. У месцах несвабоды практычна няма асабістай прасторы, таму вірус вельмі хутка распаўсюджваецца.

Ілюстрацыйны здымак

Праваабаронца Сяргей Усцінаў лічыць, што дзяржава хавае любую інфармацыю аб COVID-19 у папраўчых калоніях. Яны нават не распавядаюць аб захадах прафілактыкі.

Hавiны
Амаль 300 расейскіх турэмшчыкаў заразіліся каронавірусам
2020.04.28 19:41

«Шмат выпадкаў, калі людзям у папраўчых калоніях і раней не аказвалі пэўную медычную дапамогу і тыя паміралі. А што казаць аб каронавірусе, які распаўсюджваецца вар’яцкімі тэмпамі. Калі памножыць гэта на любоў дзяржаўных органаў хаваць рэальную статыстыку то маштабы эпідэміі ў пеніцытарных установах могуць быць жудаснымі», – кажа ён.

Зараз у калоніях забароненыя сустрэчы са сваякамі. Сяргей Усцінаў мяркуе, што гэта – адэкватны захад. Тэлефонныя званкі дазволеныя, але часта гэты выкарыстоўваецца супраць вязняў.

«А гэта – непрымальна», – адзначае праваабаронца.

Карэспандэнту «Белсату» не ўдалося звязацца з адміністрацыяй калоніі і атрымаць каментар наконт сітуацыі – 2 дні запар адказнай асобы не было на месцы.

Ксенія Тарасевіч belsat.eu

Стужка навінаў