Крэмль гатовы скампенсаваць Беларусі страты ад падатковага манеўру пры ўмове «татальнай інтэграцыі»


Расея і Беларусь дамовіліся працягнуць разгляд пытання аб кампенсацыі стратаў ад падатковага манеўру з улікам іншых пытанняў двухбаковых адносін, паведаміў журналістам першы віцэ-прэм’ер, міністр фінансаў РФ Антон Сілуанаў. Падчас саюзнага саўміну ў Берасці гэтыя пытанні, як і пытанне коштаў на газ, не разглядалася.

«Дамовіліся разгледзець гэтае пытанне ў больш шырокім фармаце. На ўзроўні ўрада», – сказаў ён, паведамляе Інтэрфакс.

Сілуанаў адзначыў, што такі фармат прадугледжвае абмеркаванне не толькі падатковага манеўру, а больш шырокага колу тэмаў, звязаных з «будаўніцтвам Саюзнай дзяржавы, што вызначана дамовай ад 1999 года».

Фактычна Масква выставіла два варыянты развіцця двухбаковых беларуска-расейскіх адносінаў: пакінуць узровень дачыненняў на цяперашнім узроўні або паступова цалкам інтэгравацца ў склад Расейскай Федэрацыі.

Хачу асабліва падкрэсліць: Расея гатовая і далей прасоўвацца па шляху будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, уключаючы стварэнне адзінага эмісійнага цэнтру, адзінай мытнай службы, суда, Падліковай палаты ў тым парадку, які прадугледжаны дамовай аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ад 8 снежня 1999 года, цытуе расейскага прэм’ера Мядзведзева «РИА Новости».

11 снежня крыніца «Інтэрфакса» паведаміла, што віцэ-прэмʼер Расеі Дзмітрый Козак на сустрэчы з беларускай дэлегацыяй не пажадаў абмяркоўваць кампенсацыю стратаў ад падатковага манеўру і зніжку на газ. Віцэ-прэмʼер заявіў, што не лічыць магчымым абмяркоўваць гэта «да прыняцця прынцыповых рашэнняў аб руху ў кірунку далейшай інтэграцыі Расеі і Беларусі ў межах Саюзнай дзяржавы».

Паводле беларускага Мінфіну, страты бюджэту ад рэалізацыі падатковага манеўру ў РФ у наступным годзе складуць каля 300 мільёнаў долараў, зыходзячы з коштаў на нафту на ўзроўні 70 долараў ЗША за барэль.

Бакі разглядаюць два варыянты кампенсацыі – зніжэнне коштаў на нафту для Беларусі ці наўпроставы міжбюджэтны трансферт. Пры гэтым Менск настойвае на зацвярджэнні дамовы не толькі на наступным год, але на ўвесь перыяд рэалізацыі падатковага манеўру ў РФ да 2024 года ўключна. Пры гэтым памер кампенсацыі павінен таксама ўлічваць увесь абʼём паставак расейскай нафты, які замацаваны міжурадавым пагадненнем ад 2007 году – 24 млн тон у год.

Hавiны
Лукашэнка спадзяецца да Новага году вырашыць з Пуціным спрэчныя пытанні
2018.12.06 17:46

СК, belsat.eu

Стужка навінаў