За напады на мясныя крамы французскіх веганаў адправілі ў турму


Суд французскага гораду Ліль вынес прысуд чатыром радыкальным веганам, якія летась ладзілі атакі на месцы, дзе прадаюць мяса. З красавіка па жнівень 2018-га яны напалі на некалькі мясных лавак, адну рыбную і адну сырную краму, а таксама на адзін рэстаран «McDonald’s».

Паліцыя распавяла, што актывісты разбівалі вітрыны магазінаў, аблівалі крамы штучнаю крывёю і пакідалі на месцы злачынства надпіс: «Stop Speciesism». Гэты лозунг веганы выкарыстоўваюць у сваёй кампаніі за этычныя абыходжанне з жывёлай. Самі затрыманыя не раскрылі на допыце матываў сваіх дзеянняў, падае «Настоящее время».

Група дзейнічала з красавіка па жнівень 2018 года.

Дваіх абвінавачаным прысудзілі да шасці месяцаў завочнага заключэння, яшчэ дваіхдалі шэсць і дзесяць месяцаў турмы.

Іх абвінавацілі пасля таго, як у адной з крамаў паліцыянты знайшлі ДНК аднаго з удзельнікаў групы, а таксама на падставе звестак праслухоўвання і ператрусаў, праведзеных у дамах актывістаў.

Французская асацыяцыя мяснікоў паведаміла, што летась у краіне адбылося каля 50 нападаў на крамы, дзе прадаваліся мясныя тавары.

У ліпені 2018-га мяснікі запатрабавалі абароны ў міністра ўнутраных спраў Францыі Жэрара Калона.

«Мы не патрабуем, каб каля кожнай крамы выставілі па жандара, але ўлады ведаюць, што [да гэтага датычная] малюсенькая [група] веганов-экстрэмістаў, і яны павінныя прыняць захады», – гаварылася ў адкрытым лісце федэрацыі.

У звароце да чыноўніка кіраўнік федэрацыі Жан-Франсуа Гіяр назваў пагромы мясных крамаў «формай тэрарызму».

ДД

Стужка навінаў