З шэрымі пастаўкамі харчоў з Беларусі будзе змагацца ФСБ

На адным з беларускіх малочных прадпрыемстваў. Ілюстратыўнае фота – Віктар Драчоў/ТАСС/Forum

Рассельгаснагляд звярнуўся да ФСБ і Міністэрства транспарту Расеі з просьбай дапамагчы спыніць шэрыя схемы паставак харчоў з Беларусі, паведамілі ў прэсавай службе ведамства.

Выкрыццём схемы з фантомнымі атрымальнікамі Рассельгаснагляд займаецца з лютага 2019-га. За гэты час супрацоўнікі арганізацыі выкрылі 37 беларускіх кампаніяў, якія займаюцца «ілжывым транзітам», калі за 2–5 сутак фуры паспяваюць даставіць прадукцыю ў Алматы і Бішкек, вярнуцца ў Беларусь, загрузіцца і адправіцца у новы рэйс. Варта дадаць, што паміж Менскам і Бішкекам ды Алматы – 4500 км.

Асабліва абурыла расейцаў фірма пад назваю «Танкверт».

«Цалкам відавочна, што заснавальнікі кампаніі не выпадкова далі імя арганізацыі, сугучнае з прозвішчам кіраўніка Рассельгаснагляду Сяргея Данкверта», – заявілі ў прэс-службе арганізацыі.

Пасля таго, як у Казахстане і Кыргыстане Рассельгаснагляду не пацвердзілі намеру прыняць прадукцыю з Беларусі, фірмы-пасярэднікі мусілі спыніць сваю дзейнасць, але некаторыя заснавалі новыя кампаніі.

«У мэтах спынення шэрых схемаў паставак і незаконнай дзейнасці транспартных кампаніяў, якія ўдзельнічаюць у схемах, Рассельгаснагляд звярнуўся ў ФСБ і Міністэрства транспарту Расеі з просьбай прыняць меры ў частцы кампетэнцыі гэтых ведамстваў па разгляданай праблеме», – гаворыцца ў заяве.

У ведамстве дадаюць, што «ў пагоні за прыбыткам і рызыкуючы рэпутацыяй» падобную схему з ілжывым транзітам у Казахстан і Кыргызстан пачынаюць пераймаць беларускія малочныя прадпрыемствы.

З 12 красавіка Рассельгаснагляд часова забараніў пастаўкі яблыкаў і груш з Беларусі. У Расеі падазраюць, што пад выглядам беларускай прадукцыі ў Расею могуць паступаць харчы з краінаў, у дачыненні да якіх уведзены санкцыі.

ДД belsat.eu

Hавiны