«З самага пачатку працавалі на апярэджанне», – кіраўнік гомельскага ўпраўлення аховы здароўя пра каронавірус

Начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гомельскага аблвыканкаму Мікалай Кудзянчук назваў эпідэміялагічную сітуацыю ў рэгіёне «кіраванай і кантраляванай», перадае БелТА.

«Мы з самага пачатку працавалі на апярэджанне. Адсочвалі і адсочваем сітуацыю ў ручным рэжыме. Яна кіраваная і кантраляваная. Мы ведаем, куды накіроўваць, як лячыць пацыентаў. Усе алгарытмы распрацаваныя», – сказаў Кудзянчук.

Ён падкрэсліў, што ў рэгіёне дастаткова месцаў у шпіталях, створаны запас лекаў, медустановы забяспечаныя сродкамі індывідуальнай абароны ў дастатковай колькасці. Упраўленне працуе ў шчыльным кантакце з санэпідслужбай.

Гомельская вобласць адна з першых у краіне ўкараніла трохэтапным алгарытм працы з пацыентамі з COVID-19: лячэбны этап, далечванне, рэабілітацыя. Паводле чыноўніка, пацыентаў з пнеўманіямі лёгкай і сярэдняй ступені цяжкасці лечаць у раённых медустановах, міжраённых цэнтрах. Кіслародных кропак паўсюдна хапае, дадаў ён.

У Гомлі ад COVID-19 памерла студэнтка медкаледжу

На далечванне жыхароў вобласці адпраўляюць у абласны клінічны шпіталь інвалідаў Айчыннай вайны. Пад рэабілітацыю пацыентаў з COVID-19 адведзена Гомельская абласная дзіцячая больніца медычнай рэабілітацыі.

Па словах начальніка галоўнага ўпраўлення, у рэгіёне ўжо прымаюцца меры на выпадак другой хвалі каронавіруснай інфекцыі.

«Мы і тут працуем на апярэджанне. Напрыклад, аднавілі і паскорылі працу на недабудаваных аб’ектах медустановаў, дзе зможам аказваць пульманалагічную дапамогу. Гаворка ў першую чаргу ідзе пра капітальны рамонт лячэбнага корпуса №1 Гомельскай абласной сухотнай клінічнай больніцы. Усталяваныя 380 кіслародных кропак. Набываем 50 перасоўных кіслародных станцый. Кожная з іх можа забяспечыць падключэнне да кіслароду чатырох пацыентаў. Бачым і дадатковы ложкавы фонд, які пры неабходнасці можна задзейнічаць», – растлумачыў ён.

***

Тым часам апошні раз Мінздароўя давала статыстыку па колькасці інфікаваных у кожнай вобласці Беларусі ў мінулым месяцы. Таксама з красавіка прадстаўнікі ведамства на брыфінгах не адказвалі на пытанні журналістаў. Па стане на 28 траўня ў краіне зафіксавана 39 858 выпадкаў каронавірусу, 219 пацыентаў памерлі.

КА belsat.eu

Hавiны