З контрвыведкі ў Адміністрацыю. Галоўнае пра генерал-маёра Ігара Сергяенку


Вольга Чупрыс і Ігар Сергяенка на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі. Фота – belta.by

Мы сабралі найважнейшыя факты пра генерал-маёра Ігара Сергяенку, якога сёння Аляксандр Лукашэнка прызначыў кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта.

Ігар Сергяенка нарадзіўся 14 студзеня 1963 годзе ў вёсцы Сталіца Шаркаўшчынскага раёну. У 1984 годзе скончыў гістарычны факультэт БДУ. У 2006 годзе скончыў Акадэмію кіравання.

У 1988 годзе – на службе ў КДБ.

У КДБ Сергяенка курыраваў справы, звязаныя з прызнаннем экстрэмісцкімі кніг «Выпадковы прэзідэнт» Святланы Калінкінай і Паўла Шарамета, а таксама «Лісты з лесу» апошняга. З імем Сергяенкі звязвалі ціск на выданне польскай меншасці «Głos znad Niemna».

У 2007 годзе ўказам кіраўніка Беларусі Сергяенку прысвоілі званне генерал-маёра.

Пяць гадоў у «чорным спісе» ЕЗ

У 2010 годзе ўзначаліў упраўленне КДБ па Магілёўскай вобласці. Як кіраўнік абласной федэрацыі біятлону займаўся папулярызацыяй гэтага спорту на Магілёўшчыне.

У лютым 2011 года патрапіў у «чорны спіс» Еўразвязу пад нумарам 190 з фармулёўкай «За рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці на Магілёўшчыне» (выключаны адтуль у кастрычніку 2015-га).

Будынак Адміністрацыі прэзідэнта. Фота – Ірына Арахоўская / Belsat.eu

У 2013-м – першы намеснік старшыні КДБ.

У жніўні 2013-га менавіта Сергяенка распавёў журналістам, што з Антона Сурапіна і Сяргея Башарымава знятыя абвінавачанні ў справе «плюшавага дэсанту».

Хоча зрабіць Курапаты менш палітызаванымі

У лютым 2017 года Ігар Сергяенка ўзяў удзел у круглым стале пра Курапаты ў рэдакцыі выдання «Беларусь сегодня», падчас якога заявіў, што тэму варта зрабіць менш палітызаванай, а гісторыя павінная аб’ядноўваць, а не раз’ядноўваць.

«Сёння ні ў каго не выклікае сумневы тое, што ў Курапатах ляжаць людзі, якія былі бязвінна, незаконна расстраляныя ў 1930–1940-я гады. Тое, што мы абмяркоўваем гэта сёння і выходзім на канкрэтныя прапановы, кажа аб наступным: з гэтай тэмы неабходна зняць штучную палітызаванасць, якая ніколі ні да чаго добрага не прыводзіла. Сёння пра Курапаты можна казаць як пра вялікія могілкі нацыянальнага маштабу, дзе спачываюць такія ж людзі, якія гінулі і ў Бабруйску, Барысаве, Віцебску, Гомлі, Магілёве, Мазыры, Воршы, Полацку, Слуцку, Чэрвені. У вывучаных справах паказваецца 11 такіх месцаў. Ствараючы памятны знак, мы аддамо даніну памяці ўсім загінулым, незалежна ад таго, дзе гэта адбылося».

Падчас тае дыскусіі Сергяенка распавёў, што ў 1920-50-я гады ў Беларусі рэпрэсавалі 235,5 тысячаў чалавек. (Гісторыкі кажуць, што лічбы трэба памнажаць у некалькі разоў, бо многіх расстрэльвалі без дакументаў.)

«Гэта справы, якія знаходзяцца ў Цэнтральным архіве КДБ і архівах абласных упраўленняў, якія тычацца і пазбаўленых свабоды, і расстраляных. З іх 176 тысяч былі рэабілітаваныя», – дадаў Сергяенка.

Адміністрацыя прэзідэнта на вуліцы Карла Маркса ў Менску. Фота – Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Удзельнічае ў перамовах пра інтэграцыю

Год таму прэм’ер-міністр Сяргей Румас уключыў Ігара Сергяенку ў працоўную групу па актуальных пытаннях беларуска-расейскай супрацы. Ён удзельнічаў у перамовах па паглыбленай інтэграцыі.

Расейскі тэлеграм-канал «Незыгарь» падае, што Сергяенка, «адзін з самых адданых» людзей Лукашэнкі і крэатура ягонага сына Віктара, адказваў у КДБ за контрвыведку і «чыстку агентаў Расеі».

  • Ігар Сергяенка змяніў на пасадзе Наталлю Качанаву, якая прапрацавала ў АП тры гады. Качанава адправілася ў Савет Рэспублікі паводле прэзідэнцкай квоты.
  • Намеснікам Сергяенкі стала Вольга Чупрыс, прарэктар па вучэбнай рабоце БДУ. Яна зменіць на пасадзе Валерыя Міцкевіча, абранага дэпутатам палаты прадстаўнікоў.
Аб’ектыў
Хто такая Наталля Качанава і як яна стала найбольш уплывовай жанчынай Беларусі?
2016.12.22 21:33

ДД belsat.eu

Стужка навінаў