З ДНР у Беларусь за 32 гадзіны. Як працуюць нелегальныя пасажырскія перавозкі


У сакавіку паміж гарадамі Беларусі і Данецкам пачаў курсаваць наўпроставы аўтобусны пасажырскі рэйс. Аўтаперавозчык на беларускай тэрыторыі працуе паўдпадпольна, але мае планы пашыраць свой бізнес.

Некалькі тыдняў таму ў інтэрнэце з’явілася рэклама: данецкая кампанія «Імперыял-аўто» прапануе штотыднёвыя рэйсы Данецк-Менск-Данецк. Адпаведную інфармацыю можна знайсці толькі на сайце перавозчыка і на старонцы кампаніі ў сацсетках. З беларускага боку гэтыя дадзеныя не распаўсюджваюцца. Набыць квіткі ў касах на вакзале ў Менску на такі рэйс немагчыма.

Скрыншот з сайту «Імперыял-аўто»

Кошт паездкі ў адзін бок – 4.000 расейскіх рублёў (амаль $62). Аўтобус выязджае з Данецку кожную пятніцу а 10-й, прыбывае ў Менск (паводле графіку, які звычайна не выконваецца) у суботу ў 18.30. Робіць таксама прыпынкі ў Гомлі і Бабруйску. У шляху – не менш за 32,5 гадзіны. Прыбывае машына на менскую дыспетчарскую станцыю «Дружная». Рэйсы чаўнаковыя: прыбыўшы ў суботу ўвечары ў Менск, ён літаральна праз 4-5 гадзінаў адыходзіць назад у Данецк. То бок, кіроўцы амаль не адпачываюць.

Карэспандэнт belsat.eu звязаўся з данецкім перавозчыкам і зрабіў бронь квіткоў на бліжэйшы рэйс. Працэдура гэтая досыць простая: трэба паведаміць сваё імя, прозвішча і кантактны нумар. За дзень да паездкі з пасажырам звязваецца прадстаўнік фірмы, адказны за рэйс – ён таксама едзе з Данецку да Менску і назад. Прадстаўнік «Імперыял-аўто» тлумачыць дэталі паездкі: распавядае, што аплата адбываецца пры пасадцы ў расейскіх рублях, называе нумар і марку аўто. На пытанне, ці трэба штосьці дадатковае ведаць грамадзяніну Беларусі, які праз расейскую мяжу прыязджае ў ДНР, адказвае каротка: «Ніякіх падводных камянёў няма. Трэба проста мець пашпарт».

У прызначаны час журналісты belsat.eu дзяжурылі на аўтастанцыі «Дружная». Мікрааўтобус прыбыў з моцным спазненнем: данецкі дыспетчар абяцаў, што ён будзе на станцыі «Дружная» ў перыяд з 16 да 18-й гадзіны, але насамрэч апынуўся там толькі ў 19.30. Ніякіх адмысловых пазнакаў на мікрааўтобусе не было: толькі расейскія нумары і надпіс «Заказны» на лабавым шкле. То бок, калі вы не ведаеце нумар і марку мікрааўтобусу, вы ніколі не здагадаецеся, што гэты транспарт дастаўляе вас наўпрост у ДНР.

Мікрааўтобус, які выконвае рэйс Данецк-Менск на аўтастанцыі

Значная частка пасажыраў выйшла з мікрааўтобусу ў Гомлі, у Менск прыехалі ўсяго некалькі чалавек. Як высветліў belsat.eu, сярод тых, хто карыстаецца паслугамі «Імперыял-аўта» – бізнесоўцы з акупаваных тэрыторыяў. Прычым, не толькі з самога Данецку. Адзін з нашых суразмоўцаў, які назваўся Сяргеем, распавёў, што яму даводзіцца часта ездзіць гэтым маршрутам па працоўных справах.

«Я з Луганску, у Менск прыехаў па бізнесе. Наўпроставага спалучэння паміж Луганскам і Беларуссю наагул няма, таму спачатку прыехаў у Данецк, дзе сеў на гэты аўтобус да Менску», – кажа мужчына.

Нумары мікрааўтобуса, які выконвае рэйс Данецк-Менск-Данецк

Як распавёў нам у Менску прадстаўнік кампаніі «Імперыял-аўто» Сяргей, 30 сакавіка адбыўся толькі другі рэйс з Данецку. Пакуль паміж Беларуссю і ДНР курсуюць мікрааўтобусы, але ўжо ў траўні плануецца запусціць вялікія аўтобусы на 50-60 месцаў.

Гэтыя перавозкі адбываюцца паводле таго ж прынцыпу, як і гандаль паміж ДНР і Беларуссю – з выкарыстаннем расейскай фірмы-пракладкі. ДНРаўскі аўтобус едзе з Данецку да Бранску, дзе ўсе пасажыры, кіроўцы і адказны за рэйс прадстаўнік фірмы арганізавана перасаджваюцца ў транспарт ТАА «Клён-2» – легальнага расейскага перавозчыка. У аўтобусе з расейскімі нумарамі яны праходзяць мяжу з Беларуссю праз КПП «Весялоўка», больш вядомы ў народзе як «Тры сястры» (бо знаходзіцца на мяжы РФ, Беларусі і Украіны).

«Ніякія праблемаў пры ўедзе ў Беларусь мы не маем, ніякага дагляду. Праблемы хутчэй пры выездзе з ДНР у Расею – мы там на шэсць гадзінаў стаім», – кажа Сяргей.

Hавiны
Як «гаманец» баевікоў ДНР звязаны з Беларуссю. Новыя факты пра бізнес на вайне
2019.02.11 12:31

Прадстаўнік «Імперыял-аўто» сцвярджае: рэйс цалкам легальны і ўзгоднены з беларускім бокам.

Аднак насамрэч ён хітруе: рэгулярны міжнародны рэйс Данецк-Менск-Данецк з беларускім бокам ніхто не ўзгадняў. Мы звярнуліся па каментар у КУП Менсктранс. Там сцвярджаюць, што д/с Дружная гэтаму дзяржаўнаму прадпрыемству не падначаленая ў адрозненні ад Цэнтральнага аўтавакзала, куды прыбываюць рэгулярныя рэйсы.

«Менсктранс не ўзгадняе міжнародныя перавозкі на Дружнай, маршруту «Данецк-Менск» у раскладзе няма. Рэгулярнае міжнароднае спалучэнне ёсць толькі на аўтавакзале «Цэнтральны», а ў гэтым выпадку гаворка можа ісці толькі пра нерэгулярнае», – сказаў belsat.eu начальнік упраўлення арганізацыі перавозак Аляксандр Фамін.

Акрамя таго, паводле яго словаў, «Дружная» цяпер не функцыяную як дыспетчарская станцыя, а «з’яўляецца проста тэрыторыяў гораду Менску».

«Захацелі вы, напрыклад, паехаць у Данецк з групай – замовілі аўтобус, заплацілі за яго і паехалі ў Данецк», – тлумачыць Фамін, як працуе нерэгулярнае спалучэнне. Такім чынам, менавіта пад выглядам нерэгулярных рэйсаў «Імперыял-аўто» і працуе з Беларуссю. Атрымліваецца, што ўлады ніяк не рэгулююць адпраўленні з «Дружнай».

Пасажырскія перавозкі паміж Беларуссю і самаабвешчанай ДНР, з’явіліся не сёння. Яшчэ ў снежні 2016 года на сайце «савету міністраў» ДНР было заяўлена, што адбылося ўзгадненне аўтобуснага маршрута да Менску і квіткі ўжо можна набыць у касах данецкага вакзалу. Тады «Еўрарадыё» звярнулася па каментар у Менсктранс, дзе патлумачылі, што такі маршрут насамрэч не ўзгоднены з беларускім бокам, таму дэ-факта з’яўляецца нелегальным.

Між тым, прынамсі з восені 2016-га да лета 2017 года, паміж Данецкам і Менска курсавалі аўтобусы данецкай кампаніі «Данбас-лайн». Як распавядае Міхаіл з Данецку, што карыстаўся ў свой час гэтым рэйсам, аўтобус нават не заязджаў на аўтавакзал у Менску – ён спыняўся насупраць і нідзе не адзначаўся. То бок фактычна перавозчык дзейнічаў падпольна.

Асноўны кантынгент пасажыраў – гэта ўцекачы і іх сваякі, а таксама бізнесоўцы, што ездзілі з ДНР да Менску або з Менску ў ДНР наладжваць камерцыйныя кантакты. Чаму ў 2017-м рэйсы паміж Беларуссю і ДНР спыніліся – дакладна невядома.

Старая рэклама «Данбас-лайн». Цяпер гэтыя кантактныя нумары, як і сама фірма, не працуюць

«Імперыял-аўто» – гэта наўпроставы пераемнік «Данбас-лайн», нават часткова там працуюць адныя і тыя ж людзі.

Hавiны
Як прадукцыя з фабрыкі экс-паплечніка Януковіча ў ДНР падманам трапляе ў Беларусь
2019.03.05 08:28

Ігар Ільяш, КА belsat.eu

Стужка навінаў