З «БелГазеты» сышлі ўсе журналісты і рэдактар? Бандарэнка кажа пра пачатак канца, Жываловіч аспрэчвае

Ігар Высоцкі больш не выконвае абавязкаў галоўнага рэдактара выдання. Пра гэта belsat.eu паведаміў Андрэй Бандарэнка. Праваабаронцу прызначылі дырэктарам «БелГазеты» на гадавым сходзе ўдзельнікаў акцыянернага таварыства 2 студзеня.

«Прынцыповым стала рашэнне пра заробак. Яму прызначылі 300 рублёў. Але другой прычынаю было ўмяшанне ў рэдакцыйную палітыку і матэрыялы журналістаў Кірыла Жываловіча. У «БелГазеце» застаўся толькі ён, Карэтнікаў, большасць журналістаў таксама адмовіліся ад супрацы».

Андрэй Бандарэнка лічыць, што «БелГазета» перажывае пачатак канца.

«Я пачытаў апошняе выданне. Гэта ўжо не «БелГазета». Няма той разынкі. Мы спрабавалі выратаваць газету, але ўладальнік нічога не рабіў. Я быў нанятым чалавекам, таму ў канфлікт Ігара Высоцкага і Кірыла Жываловіча ўваходзіць не буду».

«Рэйдарскі захоп»: Разборкі ў «БелГазеце»

Кірыл Жываловіч аспрэчвае словы праваабаронцы пра сыход Ігара Высоцкага. Паводле асноўнага ўладальніка газеты, ён звольніў галоўнага рэдактара за сабатаж.

«Чаму вы слухаеце невядома каго? 18 сакавіка суд пастанавіў, што яго незаконна абралі дырэктарам. А Ігар Высоцкі амаль сарваў выхад апошняга нумару. Ён адмовіўся яго выпускаць, пра што нават не папярэдзіў. Таму мне прыйшлося выпускаць. Яго дысцыплінарна звольняць з усімі наступствамі».

Таксама ён зняпраўдзіў інфармацыю, якая з’явілася на «Еўрарадыё», што з газеты сышлі ўсе журналісты, а артыкулы пісалі невядомыя аўтары.

«Некаторыя журналісты не выходзяць на сувязь, але я з імі звяжуся. Ніхто публічных заяваў, што сыходзіць з выдання, акрамя заяваў Бандарэнкі, не рабіў. Гэта нашая ўнутраная справа, што мы будзем рабіць з рэдакцыяй. Я думаю, гэтыя змены пойдуць на карысць. Як і калі выйдзе новы нумар, мы гэта будзем вырашаць».

***

Пра канфлікт у рэдакцыі стала вядома 21 студзеня, калі на гадавым агульным сходзе ўласнікаў дырэктарам «БелГазеты» прызначылі праваабаронцу Андрэя Бандарэнку. У той жа дзень былы дырэктар і асноўны ўладальнік выдання Кірыл Жываловіч (валодае 75 % актываў) паведаміў пра рэйдарскі захоп рэдакцыі. Ён прызначыў дырэктарам Юрася Карэтнікава. Газета мае вялікія фінансавыя праблемы.

ДР belsat.eu

 

Hавiны