З 1 лютага павялічыцца фінансавая дапамога на дзяцей да 3 гадоў


З 1 лютага ў Беларусі павялічыцца дапамога на дзяцей да 3 гадоў. Прыбаўка складзе ад 33,15 да 42,62 рубля ў залежнасці ад віду дапамогі.

Дапамога на першае дзіця з 1 лютага складзе 312,03 рубля (35% ад сярэдняга заробку), на другое і наступных дзяцей – 356,6 рубля. На дзіця-інваліда да 3 гадоў – 401,18 рубля ў месяц.

З чэрвеня мінулага году выплаты на дзяцей пералічваюць двойчы ў год – ад 1 лютага і ад 1 жніўня, а не раз у квартал, як было раней. Акрамя таго, дэпутаты разглядалі варыянт, каб пераглядаць памер выплат мамам у дэкрэце раз на год, а не кожны квартал.

Рост выплат бацькам залежыць ад таго, як змяніўся сярэдні заробак па краіне за папярэдні квартал. Калі ён падае або не змяняецца – выплаты застаюцца ранейшымі, а калі расце – то растуць і выплаты.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, сярэдні заробак у чацвёртым квартале 2017 года склаў 891,5 рублёў.

З 1 лютага таксама павінен змяніцца памер аднаразовых выплат у сувязі з нараджэннем дзіцяці. Ён залежыць ад бюджэту пражыткавага мінімуму, але дакладную лічбу яшчэ не агучылі.

КА, belsat.eu, паводле TUT.BY

Стужка навінаў