Юрый Губарэвіч выклікаў міліцыю на ўчастковую камісію

Кіраўнік Руху «За свабоду!» Юрый Губарэвіч патрабуе прыцягненне да крымінальнай адказнасці чальцоў камісіі выбарчага ўчастку № 571 па Менскай-Усходняй выбарчай акрузе №107. Палітык лічыць, што чальцы камісіі фальсіфікуюць звесткі пра колькасць тых, хто прагаласаваў на выбарчым участку.

Юрый Губарэвіч ў сваім Facebook адзначыў, што чальцы камісіі чыняць фальсіфікацыі. Паводле назіральніка ў пратаколе камісіі занатавана, што на ўчастку прагаласавалі 109 выбарнікаў, у той час як назіральнікі налічылі ўсяго 11 асобаў.

“Я звярнуўся ў міліцыю і патрабую ад праваахоўнікаў правесці правяранне па гэтаму факту, а таксама завесці крымінальную справу паводле артыкулаў 192 (парушэнне заканадаўства аб выбарах) і 427 (службовы падлог) КК РБ”, – распавёў Юрась Губарэвіч.

Юрась Губарэвіч адзначыў, што ў першы дзень датэрміновага галасавання камісіі накруцілі яўку ў 10 разоў. Палітык выказвае меркаванне, што камісіі выконваюць загад зверху аб павелічэнні колькасці выбарнікаў.

Супрацоўнік міліцыі прыняў скаргу палітыка, але адмовіў яму ў завядзенні крымінальнай справы. Юрась Губарэвіч лічыць, што насамрэч расследаваць справу не з’яўляецца нечым складаным. Тым больш, што скрыня на ўчастку празрыстая і бачна, што ў ёй толькі каля дзясятку бюлетэняў, але не больш за сто.

Юрась Губарэвіч: у фальсіфікацыі выбараў задзейнічаная не толькі спадарыня Ярмошына, але і пад 80 тысяч сябраў участковых камісій

СК belsat.eu

Hавiны