Юрась Губарэвіч: ЕЗ не хоча сесці з Беларуссю ў лужыну


[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://youtu.be/3Cu0pfyrzXc”][vc_column_text]Пра ацяпленне паміж Менскам і Бруселем у размове з «Белсатам» разважае намеснік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.

Алесь Сіліч: Як вы ацэньваеце гэты адначасовы візіт? Ці не ляцелі вы выпадкам з Макеям у адным летаку?

Юрась Губарэвіч: У Брусель мы з Макеям ляцелі рознымі рэйсамі і маем розную павестку. Нашая пазіцыя перадусім палягае на тым, што Беларусі неабходныя дэмакратычныя змены, а таксама на тым, што дэкларацыі ўладаў разыходзяцца з рэальнымі справамі.

Літаральна ў гэтыя дні адбываюцца чарговыя судовыя працэсы над удзельнікамі масавых акцыяў, людзі атрымліваюць вялізарныя штрафы. Канешне, можна казаць пра вялікі прагрэс у параўнанні з мінулымі гадамі, калі іх проста кідалі за краты, але ўсё роўна такая практыка – недапушчальная. Яна паказвае, што ўлады прынцыпова не хочуць дэмакратызацыі Беларусі, яны выкарыстоўваюць рэпрэсіўныя інструменты дзеля запалохвання грамадзянаў.

Улады адчуваюць, што людзі моцна незадаволеныя эканамічнай палітыкай дзяржавы, цяперашнім крызісам. У чаканні выхаду людзей на вуліцы яны прэвентыўна збіваюць напал грамадскага пратэсту судамі і штрафамі.

Ці ёсць канкрэтная карысць для Беларусі ад візітаў Макея ў Брусель, а Лукашэнкі – у Рым?

Санкцыі з афіцыйных уладаў знятыя, і яны спяшаюцца скарыстацца такой магчымасцю, бо невядома, што будзе пасля парламенцкіх выбараў – можа наступіць перагляд гэтага рашэння.

Італія для Лукашэнкі заўсёды была спрыяльнай краінай дзякуючы эканамічным сувязям і мяккай пазіцыі па тым, што адбываецца ўнутры Беларусі, таму невыпадкова для першага візіту быў абраны Рым. Уладзімір Макей у Бруселі робіць большы акцэнт на эканамічнай супрацы ў межах Усходняга партнёрства ды стараецца абыходзіць балючыя палітычныя тэмы.

Ва ўмовах эканамічнага крызісу і дэклараванай палітыкі пашырэння кантактаў з Захадам, улады выкарыстоўваюць любыя магчымасці, каб дасягнуць хоць нейкага поспеху.

Яшчэ рана казаць, ці будзе плён з гэтых паездак, бо еўрапейцы досыць насцярожана ўспрымаюць магчымасць пашырэння кантактаў з Беларуссю. Пэўныя зрухі ў эканоміцы ёсць, але шмат будзе залежыць у тым ліку і ад палітычнага фактару. Ніхто не хоча сесці ў лужыну, распачаўшы паўнавартасную супрацу, а падчас парламенцкіх выбараў сутыкнуцца з тым, што дэкларацыі Лукашэнкі разыходзяцца з рэальнымі справамі.

Падчас саміту Уладзімір Макей заявіў пра неабходнасць стварэння прававога падмурку для стасункаў Беларусі з ЕЗ. Што гэта азначае?

Напэўна ёсць рознае разуменне прававога падмурку ў галовах еўрапейскіх чыноўнікаў і еўрапейскіх. Калі казаць фармальна, размова вядзецца пра тое, што нема дамовы аб добрасуседстве і супрацы паміж Беларуссю і Еўразвязам, і неабходнасць такой дамовы рэальна існуе. Мяркую, што з боку беларускіх уладаў словы пра прававы падмурак азначаюць, што яны б хацелі нейкіх вызначаных правілаў гульні і таго, каб Еўропа абмежавалася ад палітычных ацэнак таго, што адбываецца ў Беларусі.

Як Беларусь і ЕЗ могуць развіваць стасункі ў цяперашніх умовах?

Развіццё стасункаў паміж ЕЗ і Беларуссю можа быць абумоўлена перадусім дэмакратычнымі зменамі ўнутры Беларусі. Вельмі важным фактарам стануць бліжэйшыя парламенцкія выбары. У двух бакоў – розная цікаўнасць: Беларусь зацікаўленая найперш у гаспадарчай супрацы і фінансавай дапамозе, Еўразвяз хацеў б мець пункт стабільнасці для развіцця дэмакратыі ў Беларусі, каб гэты працэс быў відавочны і для еўрапейскіх выбарцаў. Ніхто не хоча адмаўляцца ад тых каштоўнасцяў, якія дэкларуюць у Еўрапейскім звязе: яны не могуць пайсці на паўнавартасную эканамічную супрацу з краінай, у якой застаецца дыктатура.

Як вы ацэньваеце рызыку таго, што еўрапейскія грошы не дойдуць да грамадскай супольнасці ды асядуць у дзяржаўных арганізацыях?

Ва ўмовах, калі захоўваюцца старыя працэдуры рэгістрацыі грамадскіх абʼяднанняў, калі ў нас існуе выключна дазваляльны прынцып, і дэмакратычныя, але не падуладныя арганізацыі ў нас проста не рэгіструюцца, а часам ліквідоўваюцца, заўсёды застаецца рызыка, што эканамічная дапамога, скіраваная на развіццё трэцяга сектару, будзе прыватызаваная дзяржавай. Цяпер мы назіраем актыўнае стварэнне такіх праўладных ці падуладных арганізацыяў, перадусім у рэгіёнах, скіраванае на тое, каб прыватызаваць фінансавае падтрыманне НДА ў Беларусі.

Размаўляў Алесь Сіліч

Стужка навінаў