«Юр'еўскі карагод» – беларускі абрад, які можа трапіць у Спіс сусветнай спадчыны UNESCO (фота)


На Палессі дасюль захавалася вера ў прыродных бостваў, якія спрыяюць росквіту і плоднасці зямлі, прыгажосці і каханню. Яскравы прыклад – старадаўні беларускі абрад «Юр’еўскі карагод». У дахрысціянскі час гэтак сама ўшаноўвалі паганскага бога ўрадлівасці, вясны і кахання – Ярылу.

На традыцыйнай вышыўцы Юрай часта выяўлены як вершнік на белым кані, які ключом адмыкае браму ў неба, з’язджае на кані на зямлю, адмыкаючы і яе. Гэта сімвалізуе надыход вясны.

Святкавалі Юр’ю звычайна ў полі з карагодамі, спевамі і ўпрыгожаннямі з вянкоў, частаваннем пастухоў у полі. Асаблівае месца надавалася ўраджаю, які азначаў працяг жыцця. Жыта і хлеб часта былі ў цэнтры Юр’еўскага абраду.

Святочны Юр’еўскі каравай, ці карагод, як яго называюць у вёсцы Пагост, сімвалізуе глебу. На ім узвышаецца квітнеючае дрэва жыцця.

Абрад «Тураўскі карагод» існаваў у шматлікіх вёсках Тураўшчыны, але ў поўнай меры яго захавалі толькі ў вёсцы Пагост. «Юрʼеўскі карагод» першым сярод беларускіх абрадаў трапіў пад ахову дзяржавы як нематэрыяльная культурная каштоўнасць. Сёлета эксперты з ЮНЭСКА разглядаюць унясенне «Юрʼеўскага карагоду» ў Пагосце пад ахову на міжнародным узроўні.

Невялічкая вёска Пагост паміж Прыпяццю ды Сцвігаю з «баявым» калектывам «Міжрэчча» і яго берагіняй Кацярынай Панчэняй цяпер вядомая на ўвесь свет. Абрад працягвае святкавацца і даволі яскрава, а што галоўнае – згодна з лакальнай традыцыяй.

Пачынаецца «Юрʼеўскі карагод» з выпякання святочнага караваю-карагоду за дзень да свята. А ўжо 6 траўня надыходзіць час упрыгожваць яго «дрэвам» зробленым з галінак.

У гэты ж дзень дзеўчынам плятуць вянкі з барвінку ды абіраюць ваяводу (мясцовага паважанага крэпкага мужчыну). Перад тым, як ваявода падыме тры разы каравай над сталом, жанчыны кладуць хлеб ў дзежку, пасыпаную зернем, хрысцяцца і чытаюць малітву.

За караваем, іконай Святога Георгія, граблямі з зялёным фартушком, якія «ідуць» з хаты ў мужчынскіх руках, на поле рухаюцца дзяўчыны, а за імі старэйшыя жанчыны.

На выхадзе з хаты ўся працэсія праходзіць праз браму з ручніка, тое ж самае паўтараецца калі «карагод» уваходзіць на жытняе поле. Першым на поле праходзіць мужчына з іконай, потым з караваем, пасля чаго яны становяцца ў цэнтры кола, іх бяруць у свой карагод дзяўчыны ды жанчыны.

Важкую ролю адыгрывае паважаная старэйшая жанчына, якая перад тым як пачаць вадзіць карагод, звяртаецца да бога з просьбай аб добрагым ўраджаі. Потым яна жадае таго ж усім удзельнікам абраду ды задобрывае зямлю, зарываючы кавалачак хлеба.

З музыкай і вясёлымі спевамі – «Ой, выйдзем на поле ды паклічам Бога – адамкнуць зямліцу, выпусціць расіцу… Дзе карагод ходзіць,там Бог жыта родзіць, а дзе не бывае, там улягае» – жанчыны і дзяўчыны водзяць карагод вакол мужчын, а ваявода тым часам уздымае каравай.

Старэйшых людзей часта ставяць у цэнтр карагоду, каб з дапамогаю абраду дадаць ім здароўя.

Пасля заканчэння ваджэння карагоду на граблях змяняюць фартушок – з зялёнага на чырвоны, што азначае страту цноты зямлі і пачатак яе плоднасці. Паводле версіі некаторых этнографаў, у ранейшыя часы гэта азначала і страту цноты маладых дзеўчын, якіх вялі ў поле на Юр’ю ваявода з хлопцамі.

Пасля таго як уся працэсія прайшла праз ручніковую браму з поля, пачынаюцца вясёлыя валачобныя песні і паходы да вяскоўцаў. Удзельнікі абраду прапануюць гаспадарам заспяваць і павадзіць карагод каля іх хаты дзеля ўрадлівасці і плоднасці ў іх гаспадарцы і сям’і. Гаспадары, у сваю чаргу, частуюць дзяўчат двума яйкамі для іх будучай «пары», ці хлебам ды іншымі прысмакамі.

Па завяршэнні абыходу вёскі карагод збіраецца патанчыць, паспяваць ды пагуляць у моладзевыя гульні. Святкаванне можа працягвацца ажно да наступнай раніцы. Пры гэтым «карагод-хлеб» становіцца пачастункам для ўдзельнікаў і гасцей абраду. У вёсцы Пагост ролю найбольш паважнай жанчыны падчас абраду безумоўна і нязменна займае Кацярына Панчэня, якая дасканала захавала ўсе элементы традыцыі і Юр’еўскіх спеваў.

Тэкст і фота Вячаслаў Радзіміч, belsat.eu

Стужка навінаў