«Ёсць хлусня, нахабная хлусня і ёсць статыстыка». Інфекцыяніст пра тое, ці рэальна схаваць смерці


На 20 траўня афіцыйна ў Беларусі 32 426 выпадкаў інфікавання каронавірусам і 179 смерцяў. Да параўнання, у Швецыі з 31 523 выпадкамі інфікавання налічылі 3 831 смерцяў – ледзьве не ў 22 разы больш, чым у Беларусі. Тысячы смерцяў не схаваеш, але методыка тэставання ў розных краінах можа адрознівацца – распавёў «Белсату» інфекцыяніст з Украіны, кандыдат медычных навук Юрый Жыгараў.

«Белсат» распытаў адмыслоўца пра яго погляд на беларускую статыстыку, а таксама на захады супраць эпідэміі, якія прынялі або не прынялі ў іншых краінах.

У параўнаўчай табліцы пададзеныя звесткі з топ-5 краінаў, дзе станам на 18.05.2020 выявілі найбольш выпадкаў заражэння COVID-19, а таксама статыстыка Мінздароўя Беларусі, краінаў-суседзяў. Дадаткова пададзеныя звесткі з Чэхіі і Швецыі, як краінаў з падобнай да Беларусі колькасцю насельніцтва. Крыніца: worldometers.info/coronavirus. Старонка збірае афіцыйную статыстыку ўрадаў розных краінаў.

Чэхія і Швецыя маюць прыблізна аднолькавую колькасць насельніцтва. Гэтыя краіны пайшлі рознымі шляхамі ў змаганні з COVID-19. Чэхія выбрала жорсткія абмежаванні (абавязак закрывання твару, закрыццё межаў, крамаў, бараў і г.д.), Швецыя – нязначныя абмежаванні (закрытыя толькі ўніверсітэты і школы для старэйшых класаў, забарона сходаў больш за 50 чалавек) і рэкамендацыі. Ці можна ўжо цяпер сцвярджаць, які шлях аказаўся больш правільным?

Я лічу, што яшчэ вельмі рана рабіць высновы. Калі мы бачым сітуацыю ва Украіне, то ў нас цяпер плато. Ніхто не можа сказаць дакладна, як гэтая сітуацыя будзе развівацца далей. У шматлікіх краінах такая ж сітуацыя. Можна сказаць пра Кітай, можна сказаць пра іншыя краіны, якія пераадолелі гэтую сітуацыю. І тое, усё роўна некаторыя спецыялісты звяртаюць увагу, што можа быць другая хваля, можа быць пад’ём захворванняў увосень і г.д. Я мяркую, што толькі калі мы цалкам пераадолеем сітуацыю ва ўсіх краінах, можна будзе рабіць высновы, якія захады і стратэгія апынуліся найлепшымі.

Вы ўзгадалі пра другую хвалю. У краінах, дзе не было жорсткага каранціну, можа выпрацавацца «калектыўны імунітэт»?

Ёсць такія сцверджанні. «Калектыўны імунітэт» (herd immunity, папуляцыйны імунітэт – калі большасць людзей маюць антыцелы – імунітэт да пэўнага вірусу). Калі краіна ўвяла жорсткія захады, то вядома, няма магчымасці, каб большасць людзей сутыкнулася з гэтай інфекцыяй. І калі мы адмяняем захады, а мы не можам сядзець на каранціне год ці два-тры, рана ці позна гэта ўсё трэба адмяняць, то вядома, усе гэтыя людзі выходзяць і інфікуюцца. Тут найбольш правільна знайсці раўнавагу: зрабіць так, каб у нас не было вялікае колькасці адначасова інфікаваных, каб сістэма аховы здароўя справілася. А з іншага боку, каб гэты эпідпрацэс працягваўся, і людзі перахварэлі. Ведаем, што большасць праходзіць хваробу бессімптомна альбо з вельмі лёгкімі сімптомамі. І пры гэтым, імунітэт у іх будзе.

Беларусь – адзіная краіна Еўропы, дзе не ўведзеныя каранцінныя абмежаванні на агульнанацыянальным узроўні. Афіцыйна колькасць захворванняў падобная як у Швецыі, але смяротнасць амаль у 22 разы меншая. На Вашую думку, ці ёсць нейкае рацыянальнае тлумачэнне такой сітуацыі?

Тлумачэнняў шмат. Першае тлумачэнне – гэта статыстыка. Першае, што прыходзіць на розум, што сапраўдныя лічбы не зусім такія, як нам паказваюць. Але ў Беларусі тэстуюць больш, чым ва Украіне, я маю гэтую інфармацыю ад калегаў. Што датычыць смяротнасці, то мы выдатна разумеем – гэта не можна схаваць. Можна схаваць 2-3 выпадкі, але нельга прыхаваць сотні і тысячы выпадкаў у маштабах краіны, калі людзі паміраюць ад гэтае характэрнае пнеўманіі, якую ўсе лекары ведаюць і разумеюць. Гэта проста нерэальна ў любых умовах, пры любым рэжыме.

Што б там пра спадара Лукашэнку не гаварылі, гэта проста нерэальна, нават, калі б яны захацелі гэта зрабіць. Іншы момант, гэта вельмі вялікія адрозненні ў сістэме аховы здароўя, калі ўзяць Украіну, Польшчу, Расею, Беларусь. Сістэмы працуюць па-рознаму, гэта таксама можна звязаць з тым, чаму сітуацыя такая розная ў гэтых краінах.

З усіх суседзяў па смяротнасці ад COVID-19 на мільён насельніцтва лепш выглядаюць толькі Латвія і Украіна. Пры тым, што ўсе суседзі, у адрозненні ад Беларусі, уводзілі жорсткія каранцінныя абмежаванні. Ці азначае гэта, што ўсім варта было абіраць «беларускі шлях»?

Што датычыць Украіны, магу сказаць, што мы не тое каб памыліліся, але было шмат нескаардынаваных захадаў, без якіх можна было б абысціся. Трэба разумець, што калі мы кажам пра смяротнасць ад гэтай сітуацыі, то трэба гаварыць не толькі пра вірус. Ва Украіне штодня гіне тысяча людзей ад сардэчна-сасудзістых хваробаў. І шмат з гэтых людзей не могуць цяпер атрымаць адэкватную медычную дапамогу. Шмат медычных захадаў адмяняецца, клінікі закрываюцца. І гэта таксама можа паўплываць на смяротнасць. Мы павінныя знайсці залатую сярэдзіну. Калі ў нас будзе паралізаванае грамадскае жыццё, то мы можам смяротнасць не столькі ад COVID-19, як мы гэта бачым ва Украіне, колькі ад абсалютна іншых сітуацыяў. На сённяшні дзень у мяне такая думка.

Аляксандр Лукашэнка тлумачыць рэзкі рост колькасці заражэнняў вялікай колькасцю робленых тэстаў. Мы ведаем, што Літва і Латвія апераджаюць Беларусь па колькасці тэстаў на мільён насельніцтва, але хворых у іх значна менш…

Я не маю дакладнай інфармацыі, які алгарытм тэставання ў Беларусі, але з прыкладу іншых краінаў бачу, што ўсе лічаць па-рознаму. Дзесьці тэстуюць толькі людзей з сімптомамі, дзесьці – толькі тых, хто звяртаецца па дапамогу ў шпіталь ці ў інфекцыйнае аддзяленне, а дзесьці праводзяць маштабнае тэставанне, падыходзячы да людзей на вуліцы. Таму, статыстыка можа быць рознай.

Па-другое, тэст-сістэмы. Зноў такі, не ведаю, што адбываецца ў Беларусі, але ва Украіне некаторыя тэст-сістэмы не паказалі спецыфічнасць і дакладнасць, на якую медыкі разлічвалі. Тэсты некаторых вытворцаў забаранілі выкарыстоўваць, але яны ўжо выкарыстоўваліся 2-3 тыдні таму. І мы не ведаем, як увогуле рэагаваць на гэтую сітуацыю, бо звесткі ўжо пайшлі ў статыстыку, а цяпер нам кажуць, прабачце, але гэтыя тэст-сістэмы могуць быць не зусім дакладнымі. То як цяпер ставіцца да гэтых звестак? Мы цяпер не можам сказаць, колькі ў нас інфікаваных. Таму гэта таксама вялікае пытанне, якое трэба даследаваць. Звесткі залежаць ад тэст-сістэмаў і алгарытму вызначэння гэтага дыягназу. Не ведаю, як гэта робіцца ў Беларусі, але ў некаторых краінах трэба, каб быў ПЛР-тэст (Тэст полімеразнай ланцуговай рэакцыі – заўвага «Белсату») пазітыўны, але патрэбны яшчэ і клінічны дыягназ. То бок, калі ў чалавека ёсць сімптомы, і пацвярджаюць ПЛР, толькі тады гэты выпадак ідзе ў статыстыку. А дзесьці ПЛР робяць дома, нават калі чалавек добра пачуваецца, ён залічваецца да хворых. Зразумела, што пры такіх розных падыходах будуць абсалютна розныя звесткі. Цяпер глабальная праблема, пра якую кажа САЗ – вельмі складана супастаўляць статыстыку з розных краінаў, бо ў кожнай краіне могуць быць свае падыходы да гэтага.

Hавiны
«Яна памерла за паўдня». Доктарка менскай «чацвёркі» пра тое, што забаронена казаць
2020.04.02 18:02

У першай табліцы прыведзеныя звесткі па першай пяцёрцы краінаў з распаўсюдам COVID-19, а таксама па Беларусі і яе суседзям. Таксама ўнесеныя Швецыя і Чэхія, як еўрапейскія краіны з падобнаю да Беларусі колькасцю насельніцтва. На што б Вы раілі звярнуць увагу? Якія пытанні ўзнікаюць да афіцыйнае статыстыкі з Беларусі?

Агульная колькасць хворых ці інфікаваных – на яе трэба мала звяртаць увагу, я ўжо казаў, што гэта вельмі адрозніваецца ад краінаў, ад алгарытму дыягностыкі і г.д. Я б звяртаў увагу на 2 паказнікі, паводле якіх можна распрацоўваць стратэгію. Першае, гэта смяротнасць, колькі загінула цяпер з гэтым дыягназам, таму што, яшчэ раз кажу, гэта немагчыма схаваць, калі гэта сотні і тысячы выпадкаў. Другі момант – гэта колькасць цяжкіх хворых. Гэта таксама немагчыма схаваць, нават калі б улады хацелі. Калі ёсць умоўна 1000 хворых, якім патрэбная штучная вентыляцыя і шпіталізацыя ў стацыянары, то як гэта схаваць? Калі вы як журналісты праходзіце, і бачыце, што ўсе інфекцыйныя стацыянары запоўненыя цяжкімі хворымі, то гэта схаваць немагчыма. Ніхто ж не будзе іх пакідаць удома, каб яны там паміралі. Вось на гэтыя 2 аб’ектыўныя крытэрыі і можна абапірацца. Можна зрабіць параўнаўчы аналіз з іншымі краінамі, і мець больш аб’ектыўную карціну.

Параўнанне колькасці новых заражэнняў і смерцяў у дзень у перыяд з 01.04.2020 па 14.05.2020 у Беларусі ды Швецыі. Заўважна, як Беларусь паводле статыстыкі Мінздароўя пераганяе Швецыю ў дынаміцы новых заражэнняў. Крыніца: worldometers.info/coronavirus
Параўнанне колькасці новых заражэнняў і смерцяў у дзень у перыяд з 01.04.2020 па 14.05.2020 у Беларусі ды Швецыі. Заўважна, як Беларусь паводле статыстыкі Мінздароўя пераганяе Швецыю ў дынаміцы новых заражэнняў. Крыніца: worldometers.info/coronavirus

Афіцыйна ўзровень смяротнасці ў Беларусі асабліва не змяняецца. Калі ў пачатку красавіка фіксавалі парадку 140 новых выпадкаў заражэння на дзень, цяпер, фіксуюць каля 900-950. Але колькасць смяротных выпадкаў і тады, і цяпер – каля 5. Як такое магчыма?

Магчыма, калі ёсць гіпердыягностыка. Яшчэ раз кажу: узровень смяротнасці вельмі складана схаваць. Немагчыма схаваць сотні, тысячы смерцяў у краіне. Нават у Кітаі, дзе блакуюць сацыяльныя сеткі і г.д., але нават з Кітаю мы атрымалі больш-менш аб’ектыўную інфармацыю, перадусім ад людзей. Ад лекараў, медсёстраў, родзічаў. То бок, гэта практычна немагчыма схаваць.

З паказнікам захворванняў – інакш. Тут трэба з крытэрамі разабрацца. Можа, дыягнастуюць нашмат больш, чым ёсць і ставяць дыягназ. ПЛР-сістэмы спецыфічныя, таму магчыма шмат памылкова пазітыўных вынікаў. Ва Украіне быў скандал нядаўна, назвалі лічбу спецыфічнасці ў 60 %. Гэта азначае, што 40 % вынікаў могуць быць памылкова пазітыўнымі. То бок, можна ўзяць 100 людзей, і ў 40 з іх атрымаюцца пазітыўныя вынікі, хоць яны не будуць інфікаванымі. Проста такая дыягностыка, такі тэст. Я б на гэта звярнуў увагу. Можа, проста змянілі крытэры. У Кітаі была сітуацыя, калі яны давалі адну колькасць хворых, а потым на наступны дзень мы бачым, што іх стала ў 10 разоў больш. Усе пытаюцца, чаму так сталася? А яны адказалі, што перагледзелі крытэрыі, і таму ў іх у 10 разоў больш хворых. Як казаў адзін з маіх настаўнікаў, ёсць хлусня, ёсць нахабная хлусня, а ёсць статыстыка.

Вітаўт Сіўчык belsat.eu

Стужка навінаў