«Ён выглядае горш за вязня Бухэнвальду». Былы міліцыянт просіць суд перавесці сына з турмы ў лякарню


Belsat.eu працягвае сачыць за гісторыяй 25-гадовага студэнта Аляксандра Я, якога абласны суд Магілёва прызнаў вінаватым у распальванні расавай, нацыянальнай і рэлігійнай варожасці, а таксама ў хуліганстве.

Пастанова яшчэ не набыла законнае моцы. Бацькі студэнта не згаджаюцца з абвінаваўчым выракам і сцвярджаюць, што справу сфальсіфікавалі, а іх сына – інваліда 2-й групы паводле стану псіхічнага здароўя – хочуць давесці да стану амёбы. 30 траўня яны падалі скаргу ў Вярхоўны суд.

Аляксандр Я. Здымак з сацыяльных сетак

Крымінальную справу супраць Аляксандра Я. распачалі 13 снежня 2017 года. З таго часу ён знаходзіцца ў магілёўскай турме № 4.

Студэнта абвінавацілі ў распальванні расавай, нацыянальнай і рэлігійнай варожасці за публікацыі на ягонай старонцы ў сацыяльнай сетцы, а таксама за выказванні ў Беларускім інстытуце правазнаўства, дзе ён навучаўся на завочнай форме.

Адна з публікацыяў Аляксандра Я. у сацыяльных сетках

Другую справу за хуліганства супраць Аляксандра распачалі за інцыдэнт у ВНУ: паводле следства ён адчыніў дзверы аўдыторыі нагой, чым нанёс пашкоджанні дзвюм студэнткам. Бацькі Аляксандра заяўляюць, што публікацыі сын рабіў выключна ў навуковых мэтах, а студэнткі не мелі ані пабояў, ані прэтэнзіяў да іхнага сына.

Материалы дела

Магілёўскі абласны суд 28 траўня пастанавіў прызнаць Аляксандра Я. вінаватым паводле абодвух артыкулаў і ўжыць супраць яго прымусовыя захады бяспекі і лекавання з размяшчэннем у псіхіятрычным стацыянары са звычайным наглядам. Да набыцця пастановаю законнае моцы суд вырашыў пакінуць захады ўтрымання ранейшымі – перабыванне ў турме Магілёва.

30 траўня бацькі хлопца упершыню за 6 месяцаў мелі спатканне з сынам у турэмных засценках. Яны шакаваны выглядам сына.

«Мой сын у крытычным стане, ён выглядае горш за вязня Бухэнвальда, ён моцна схуднеў, у яго трасуцца рукі. Сын сказаў, што не разумее, чаму яго тут трымаюць. Перад тым, як развітацца, ён паведаміў, што абвяшчае галадоўку», – падзяліўся ўражаннем ад спаткання з сынам бацька Юрый Я. – «Я буду патрабаваць, каб мне вярнулі сына ў тым стане, у якім забралі».

Юрый Я. баіцца за здароўе сына і дамагаецца тэрміновага вызвалення з турмы. 30 траўня ён звярнуўся ў Вярхоўны суд Беларусі са скаргаю на пастанову Магілёўскага абласнога суду. Бацька Аляксандра Я. просіць адмяніць пастанову аб падаўжэнні тэрміну ўтрымання ягонага сына пад вартаю ў турме да ўступлення рашэння суду ў законную сілу.

«Адразу пасля затрымання майго сына мы даводзілі да следства накіраванне на паўторнае лекаванне ў магілёўскую абласную псіхіятрычную лякарню. Ён мае сур’ёзнае псіхічнае захворванне. Але на гэта не звярнулі ўвагу. Калі не лекаваць любую хваробу, то яна пяройдзе ў абвостраны стан. Нават падчас турэмнага зняволення эксперты выявілі, што Аляксандр быў хворы і не мог усведамляць фактычны характар сваіх дзеянняў. Таму ўтрыманне яго ў турме лічу бесчалавечным, антыгуманным і неабгрунтаваным».

Накіраванне на паўторнае лекаванне Аляксандра Я. у псіхіятрычную лякарню

Затрымлівалі Аляксандра і вялі крымінальныя справы супраць яго супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй. Бацька Аляксандра спадар Юрый сам калісьці працаваў у гэтай структуры. Справу супраць свайго сына ён называе не інакш, як «замоваю». Ён з адвакатам не раз звярталі ўвагу Магілёўскага абласнога суду на фальсіфікацыі ў справе, але іх хадайніцтвы заставаліся без адказу.

Паводле Юрыя Я., адна з фальсіфікацыяў – прызнанне тэлефона Xiaomi Redmi Note 4 прадметам злачынства: нібыта з яго Аляксандр рабіў спрэчныя публікацыі. Але гэты тэлефон сям’я набыла ўжо пасля з’яўлення тых публікацый. Сёння яго сканфіскавалі і хутка тэлефон перададуць на карысць дзяржавы, а значыць, зрабіць экспертызу і даказаць, што з яго не рабіліся тыя публікацыі, будзе немагчыма.

АС, belsat.eu

Стужка навінаў