«Ён толькі цяпер знайшоў свой шлях, сваё каханне». У Бабруйску развіталіся з маладым рэжысёрам Уладзімірам Міхайлоўскім


Развітанне з Уладзімірам адбылося 16 траўня ў Бабруйску.
Фота: «Белсат»

Каманда дакументалістаў вярталася з Гомля ў Менск пасля здымак фільму пра валанцёраў, што дапамагаюць медыкам у межах ініцыятывы ByCovid-19. Каля Пухавічаў маладыя людзі трапілі ў сур’ёзную аварыю. 33-гадовы Уладзімір Міхайлоўскі і 26-гадовы Максім Гаўрыленка загінулі. Рэжысёрка Любоў Зямцова ў цяжкім стане ў рэанімацыі.

Сястра Уладзіміра: Ён рана страціў бацькоў, быў мне як сын

Група маладых рэжысёраў – Уладзімір Міхайлоўскі, Максім Гаўрыленка і Любоў Зямцова – працавалі над дакументальным праектам «Невядомая Беларусь», які выходзіць на тэлеканале «Настощее время». У Гомелі яны былі некалькі дзён, здымалі, як валанцёры ў час пандэміі дапамагаюць медыкам са сродкамі індывідуальнай абароны, таксама і самі развозілі неабходнае па лякарнях. Зняўшы патрэбны для фільму матэрыял, 14 траўня журналісты паехалі ў Менск.

Фота: «Белсат»

Паводле Следчага камітэту, на паласу, па якой ехалі дакументалісты, выехаў з сустрэчнай «Ровэр», за стырном якога быў 20-гадовы жыхар Гомля. Адбылося лабавое сутыкненне. У выніку аварыі кіроўца «Ровэра», Уладзімір і Максім загінулі на месцы.

Hавiны
Як працуе ініцыятыва ByCovid19? Вялікі фотарэпартаж
2020.04.17 07:00

З Уладзімірам Міхайлоўскім развіталіся сёння, 16 траўня, у родным Бабруйску. Там жыве ягоная старэйшая сястра Вікторыя, якая выхоўвала яго як сына. Яшчэ ў дзяцінстве Уладзімір страціў маці і бацьку, і з тых часоў ім апекавалася сястра. Пахавалі рэжысёра на старых бабруйскіх могілках, побач з бацькамі.

«Я ўсё жыццё імкнулася ўсё зрабіць так, каб яму было добра, таму што адчувала, што ён нібыта нечым абдзелены, бо так рана страціў бацькоў, – казала Вікторыя на могілках падчас пахавання. – Я хацела іх яму замяніць, і любіла яго як мама. Ён сапраўды быў нам як сын, а нашая дачка яго як брата ўспрымала. Нас з мужам пыталіся часам: чаму не нараджаеце другое дзіця. А навошта, калі ў нас ужо быў старэйшы – Воўчык? Ён такі быў увесь час непаседлівы, заўсёды некуды імкнуўся, нечага хацеў».

Сястра Уладзіміра Міхайлоўскага Вiкторыя каля магілы брата.
Фота: «Белсат»

Акрамя сястры, адным з самых блізкіх людзей для Уладзіміра з дзяцінства быў бабруйскі рэжысёр Валер Аляксееў. Яны пазнаёміліся ў лагеры, дзе Валер быў важатым.

«Мне на той момант было, як яму цяпер – 33, а яму – 16, – згадвае Валер. – Ён мне быў і як сын, і як брат адначасова. Я яго вельмі любіў».

Уладзіміру Міхайлоўскаму было 33 гады.
Фота: «Белсат»

Паводле спадара Валера, Уладзімір быў вельмі творчым чалавекам, але доўга сябе шукаў. Але вось апошнім часам, здавалася, ён «выйшаў на свой шлях».«Ён пазнаёміўся з Любай – рэжысёркай, і ўсё ў іх стала атрымоўвацца – і ў жыцці, і ў працы – ён знайшоў свайго рэжысёра, які дапамог яму раскрыцца, а яна знайшла цудоўнага памочніка, акрамя таго, што і партнёра ў жыцці таксама. Яны настолькі знайшлі адзін аднаго, што гэта было вілаць і ў іхных фільмах – моцных, спелых. Калі яны прыносілі мне нейкі свой новы фільм, які мусіў вось-вось выйсці, каб я нешта пакрытыкаваў, параіў, я разумеў, што я ўжо больш нічога не магу ім сказаць, таму што яны нашмат больш таленавітыя і разумныя, чым я. Я маўчаў і захапляўся. У іх быў свой стыль. Сёння я развітваюся з чалавекам, якога любіў больш за ўсіх у жыцці. Я ведаю, што ён там будзе чакаць мяне. Я буду старацца далей так жыць тут, каб быць вартым быць потым там разам з ім».

Сябры: у дакументалістыцы ён знайшоў сябе

Шмат гадоў Уладзіміра ведаў бабруйскі журналіст і рэжысёр Андрэй Шобін. Ён згадвае яго як чалавека вельмі спагаднага, шчырага, уважлівага. Такіх, паводле Андрэя, у ягоным атачэнні адзінкі. Вялізны ўнёсак у станаўленне Уладзіміра як асобы, паводле Андрэя, унёс Валер Аляксееў, які «быў з ім побач у самыя важныя для фармавання чалавека гады».

«Жыццё Валодзі па-рознаму складвалася, але ў апошнія гады ён мяне вельмі радаваў, бо заняўся творчасцю, дакументалістыкай, я бачыў, што чалавек знайшоў свой шлях. Невымоўна сумна, што ягонае жыццё гэтак раптоўна абарвалася», – кажа Андрэй.

Побач – магiла бацькоў.
Фота: «Белсат»

Пра схільнасць да творчасці, пошукі Уладзімірам сябе распавёў таксама ягоны сябар дзяцінства Максім Сандалаў. У хлопцаў са студэнцкіх гадоў было шмат агульных зацікаўленасцяў. Максім кажа, што заўсёды бачыў, як Уладзіміра прыцягвае творчы шлях – ён любіў жартаваць, арганічна глядзеўся на сцэне, граў у Клубе вясёлых і знаходлівых. Вучыўся ў БНТУ на інжынера дзеля сястры, працаваў на падшыпнікавым заводзе, але заўсёды марыў выказаць сябе ў нечым іншым.

Фота: «Белсат»

«Ён быў вельмі светлы чалавек, адкрыты, харызматычны. Для мяне гэта вялікая, незаменная страта. Гэта мая блізкая душа. У нас ніколі не было канфліктаў. Нават словаў не хопіць, каб растлумачыць, каго мы сёння згубілі, – сказаў Максім Сандалаў. – Ён быў вельмі акуратны кіроўца, таму для мяне ўвогуле парадаксальная сітуацыя, што так здарылася. Я так за яго радаваўся, што ён толькі цяпер знайшоў свой шлях, сваё каханне – Любу, яны сталі рабіць шыкоўныя фільмы. Люба пры ім, мне здаецца, таксама раскрылася».

Малады чалавек выказаў спадзяванне, што Любоў Зямцова хутка паправіцца і здыме фільм пра Уладзіміра, «бо ён хоць пражыў няшмат, але пра гэтага чалавека і ягоны ўнёсак людзі павінны ведаць».

Любоў Зямцова цяпер у цяжкім стане ў рэанімацыі Менскай бальніцы хуткай дапамогі. Яна – вядомая беларуская дакументалістка, скончыла Wajda School Doc Pro у Варшаве. Ейныя фільмы былі ў праграме такіх кінафестываляў, як Astra Film Festival, «Артдокфест», Watch Docs Belarus ды іншых.

belsat.eu выказвае спачуванне родным і блізкім Уладзіміра Міхайлоўскага.

НА belsat.eu

Стужка навінаў