«Ён мае справу з прыдуманай Беларуссю»: Алексіевіч раскрытыкавала Пазняка праз Каліноўскага

Зварот дзеячаў культуры і прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі да кіраўніцтва Літвы з просьбаю пахаваць Кастуся Каліноўскага ў Беларусі шмат хто ўспрыняў у штыхі. «Белсат» пагаварыў са Святланаю Алексіевіч, нобэлеўскаю лаўрэаткай па літаратуры, якая выступае за перапахаванне парэшткаў кіраўніка паўстання 1863–1864 гг. у Беларусі.

Беларускія дзеячы культуры папрасілі Літву пахаваць Каліноўскага ў Беларусі

Вы ў ліку першых падпісаліся пад зваротам да літоўскіх уладаў. Чаму вы думаеце, што Каліноўскага варта вярнуць у Беларусь?

«Нашыя героі патрэбныя нам дома. Нам трэба фармаваць нацыю. Нам трэба месца, куды беларус можа прыйсці і адчуць, што ён беларус, а то мы як язычнікі. Адзінае месца, дзе людзі гуртуюцца – Дажынкі. Як быццам нічога іншага няма… Ці Лінія Сталіна гэта тое, вакол чаго спрабуюць згуртаваць наш народ. Мы так ніколі не станем нацыяй. У нас мусіць быць пантэон герояў, і ён мусіць быць дома».

Праціўнікі пахавання парэшткаў Каліноўскага сумняюцца, што ўлады знойдуць адпаведнае месца.

«Гэта павінен вырашыць народ. Трэба знайсці такое месца, дзе будзе наш пантэон. Нельга спантанна яго абраць».

Як бы вы парыравалі аргумент пра тое, што ментальна беларусы яшчэ не гатовыя да такога?

«Каліноўскі мог бы атрымаць карту паляка». Палякі з Беларусі заклікаюць не забываць сваіх каранёў

«Я думаю, што краіна, у якой Лінія Сталіна – гэта месца пакланення, не гатовая прыняць праху героя. У прынцыпе ўлады таксама не гатовыя. Думаю, што яны супраць.

Але перш чым мы сфармуем нацыю, мы мусім сфармаваць грамадства. Магчыма, сёння гэта не атрымаецца, але мы сфармуем думкі і ідэі людзей і падумаем пра тое, як нам сябе зрабіць.

Я адношу сябе да рамантыкаў і не веру, што Лукашэнка арганізуе ўшанаванне да вяртання героя, але мы павінныя казаць людзям, што настаў час рабіць з сябе нацыю. І тут, вядома ж, патрэбна гісторыя, міфы і героі».

«Каб сказаць, што ў Вільні мы былі гасцямі». Што не так з пахаваннем парэшткаў Каліноўскага ў Беларусі?

Нядаўна ў Лідзе на адкрыцці помніка князю Гедыміну былі адначасова і сцягі БРСМ, і бел-чырвона-белыя сцягі. У сітуацыі з Каліноўскім ёсць адчуванне, што ўтварыліся два лагеры. Атрымалася, што Каліноўскі хутчэй дзеліць беларусаў, а не аб’ядноўвае. Што вы пра гэта думаеце?

«Дрэнную службу ў гэтым адыграў Зянон Пазняк і частка нашай эміграцыі. Ён [Пазняк – рэд.] мае справу не з рэальнай Беларуссю, а з той, якая ў яго ў галаве. Мы жывем тут і бачым, што нацыі няма і яе трэба зрабіць. Тысячы людзей па ўсёй Беларусі паціху робяць гэтую працу, але нам патрэбныя сімвалы. Уласна Пазняк і пачаў гэты раскол, пра які вы кажаце».

Ці Вы прыйдзеце на цырымонію пахавання Каліноўскага?

«Я паспрабую быць у краіне. Прыйду і пакланюся герою».

Сімвалічнае хаджэнне з прахам

Размаўляў Ігар Кулей, ЮВ/МВ belsat.eu

Hавiны