Старшыня Цэнтрвыбаркаму Беларусі Лідзія Ярмошына абяцае да наступных выбараў распрацаваць схему размяшчэння сябраў выбарчых камісій пры падліку бюлетэняў з тым, каб гэты працэс быў бачны назіральнікам.
«У прынцыпе, я думаю што варта зрабіць наступным чынам: трэба падлічваць усе бюлетэні на адным баку стала (тварам да назіральнікаў – рэд.). Не акружаючы стол, як мы гэта бачылі», – сказала Лідзія Ярмошына ў онлайн-інтэрв’ю на партале tut.by.
На думку кіраўніцы ЦВК, дадзеная прапанова задаволіць і назіральнікаў, і сябраў выбарчых камісій, падае interfax.by.
«Нам трэба прадумаць на наступныя выбары ў метадычных тлумачэннях схему размяшчэння (пры падліку бюлетэняў – рэд.), калі выбарчыя камісіі не праяўляюць у гэтым пытанні здаровага сэнсу», – дадала чыноўніца.
Выбары прэзідэнта Беларусі прайшлі 11 кастрычніка, на іх, паводле афіцыйных звестак, перамог кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка з 83,47 % галасоў. Адной з асноўных прэтэнзій назіральнікаў ад АБСЕ да мінулых выбараў стала непразрыстасць падліку галасоў на шэрагу выбарчых участкаў.
МЯ, паводле interfax.by